Массово-политическая газета Березовского района

Па жыцці з любоўю

76
Опубликовано,
01 ноября 2017

Аднойчы ўзімку настаўнік і вучань ішлі па беразе скутай лёдам ракі.

– Настаўнік, чаму людзі не разумеюць адзін аднаго? – спытаў вучань. –  Яны стараюцца, чытаюць кнігі пра ўзаемаадносіны, але натыкаюцца на нябачную сцяну. Чаму так?

– Хадзем са мною, – сказаў настаўнік і пайшоў на сярэдзіну ракі. – Паглядзі. Ты бачыш  што-небудзь пад лёдам?

– Не. Як я магу ўбачыць нешта скрозь лёд?

– Там, пад ільдом, – цэлы свет. Ласкавыя промні сонца растопяць лёд, і ён стане жывою вадою. А той лёд, пра які ты гаворыш, можна растапіць толькі любоўю.

Прытча.

Валянціна Сцяпанаўна Сцяпурка, якая працавала настаўніцай пачатковых класаў гімназіі г. Белаазёрска, ідзе па жыцці  толькі з любоўю: да сваіх вучняў, сваёй зямлі, сваёй роднай мовы. Уся яе педагагічная дзейнасць была накіравана на фарміраванне ў дзяцей не толькі вучэбных уменняў і навыкаў, але і на вырашэнне асноўных задач выхавання: прывіццё любові да Радзімы, народа і мовы.

Валянціна Сцяпанаўна – наша казачніца. Яе пяру належыць зборнік “Казкі матулі-крыніцы”, у які ўвайшлі творы “Ручаёк і крынічка”, “Пра зайца Мікіту”, “Пра лісіцу Яніну”, “Пра вожыка Міколку”, “Лясныя дактары”, “Пра мядзведя Патапа”, “Пра ваўка Змітрака”, “Пра мурашку Шуру”. Казкі маюць вялікі выхаваўчы сэнс. Яны напісаны ў рыфмаванай форме, што спрыяе іх хуткаму запамінанню. Дзеці з лёгкасцю паўтараюць на памяць радкі з любімых казак.

Вось адна з казак.

У лісіцы Яніны ў нядзелю імяніны. Сёння толькі серада, а ў Яніны баліць галава.

Захварэла ліска, можа? Можа, доктар Яніне дапаможа? Не! Са здароўем усё ў парадку, робіць кожны дзень зарадку.

Дык чаго ж галава баліць? Бо не ведае ліска, каго на імяніны запрасіць.

Паклікала б мядзведзя Патапа. Ды для Патапа ў лісы хата малавата. За свой посуд Яніна баіцца. Як тупне мядзведзь – посуд можа пабіцца.

Паклікала б лісіца Яніна ваўка Змітрака. Ды ў ваўка добрага падарунка няма. Прынясе воўчых ягад шклянку, лясных кветак вязанку. Дзеля такога падарунка яго запрашаць? Частаваць, дагаджаць?

Паклікала б ліска зайца Віцю. Дык ён і сам да Яніны не прыйдзе. Бо ў лісіцы вострыя зубы – для заечае згубы.

Таму і галава ў ліскі баліць. Не ведае Яніна, каго на імяніны запрасіць.

Ох, і сумныя ў Яніны будуць імяніны.

(Казка “Пра лісіцу Яніну”)

В.С. Сцяпурка з’яўляецца аўтарам курса “Беларуская мова. Навучанне чытанню і пісьму” для другога класа ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай мовай навучання, які быў перапрацаваны ў 2016 годзе і зацверджаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Валянціна Сцяпанаўна – аўтар вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў “Вытокі роднай мовы”, якая накіравана на свядомае засваенне малодшымі школьнікамі актуальнай беларускай лексікі, актывізацыю іх мыслення, вобразнага ўяўлення, пачуццёвай сферы. Менавіта праз роднае слова дзеці спасцігаюць дабрыню і чалавечнасць у зносінах, вучацца ўспрымаць навакольны свет і сябе ў ім, развіваюць уменне абгрунтоўваць свае думкі. У 2016 годзе праграма зацверджана Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У выдавецтве “Пачатковая школа” выйшаў вучэбна-метадычны комплекс для факультатыўных заняткаў “Вытокі роднай мовы” ў першым і другім класах. Сюды ўваходзіць рабочы сшытак для вучняў і дапаможнік для настаўнікаў. Акрамя таго, для вучняў першага класа распрацаваны дэманстрацыйныя матэрыялы (34 табліцы даступныя ў электроннай версіі гэтага ж выдавецтва).

Валянціна Сцяпанаўна працуе і зараз. Многа часу яна аддае распрацоўцы рабочых сшыткаў для вучняў трэцяга і чацвёртага класаў. У планах і напісанне дапаможнікаў для настаўнікаў.

Валянціна Сцяпанаўна Сцяпурка часта наведвае гімназію, дзеліцца сваімі напрацоўкамі і метадычнымі рэкамендацыямі. Мы ведаем, што яна добрая гаспадыня, клапатлівая жонка і спагадлівая маці. Акрамя таго, вельмі прыемны суразмоўца і проста цудоўны чалавек. 

Хочацца дадаць, што прафесійны шлях настаўніцы адзначаны граматамі, сертыфікатамі абласнога і рэспубліканскага значэння.

Мы, яе калегі, ведаем, што, пакуль ёсць на зямлі такія людзі, як Валянціна Сцяпанаўна, будзе гучаць наша родная мова і сваёй замілаванасцю спрыяць пашырэнню дабрыні сярод людзей.

Зычым Валянціне Сцяпанаўне моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, плённай працы і новых натхненняў.

Таццяна ПУКАЛА, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі г. Белаазёрска.

Оставьте свой комментарий