Массово-политическая газета Березовского района

Памяць пра салдата

77
Опубликовано,
02 сентября 2017

У хаце маёй бабулі на сцяне пад абразамі, колькі сябе памятаю, вісеў партрэт чалавека ў ваеннай форме. Перад святамі бабуля яго акуратна працірала і прыгаворвала: “Спі з мірам, татуля!” А мне казала: “Гэта твой прадзед, Вікуля, ён загінуў на фронце ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Я папрасіла бабулю расказаць пра тыя часы. Яна цяжка ўздыхнула, прысела на лаўку, пакамечыла хустку ў руках і пачала свой жалобны аповед. У гады вайны яна сама яшчэ была дзіцём, але добра памятае, як ў чэрвені 1941 года немцы па старой шашы ішлі ў бок Бярозы.

–  Яны весела гергаталі на сваёй мове, нават дзяцей пачаставалі шакаладам, якога раней ніхто з вяскоўцаў і ў вочы не бачыў.  Раптам адзін хлопчык з вёскі Бармуты стаў пальцам паказваць на салдацкія чаравікі, вельмі ж смешнымі здаліся яны: высокія, на тоўстай падэшве, скураныя, са шнуркамі. Немец падняў аўтамат і застрэліў хлапчука. Калона ж салдат пайшла далей, быццам нічога і не здарылася. Так упершыню сустрэліся мы са смерцю і зразумелі, што прынеслі нам чужынцы, – успамінала бабуля. – Вайна – гэта страх, жудасць, голад і смерць. Усяго давялося пабачыць за тыя цяжкія гады. Фашысты застаўлялі працаваць на Германію, лютавалі, расстрэльвалі за сувязь з партызанамі, вывозілі моладзь у Нямеччыну. Тата стараўся, каб наша вялікая сям’я (сем чалавек) не памерла з голаду. Працавіты быў чалавек, добры, вельмі любіў сваіх блізкіх. У вёсцы яго паважалі. Немцы прымушалі маладых мужчын ісці ў паліцыю, але бацька гаварыў, што здраднікам не стане. Ваяваць з ворагамі пайшоў у 1944-м, калі вызвалілі нашу мясцовасць. Чырвоная Армія пагнала гітлераўцаў на Захад дабіваць у іх жа кодле. Назад бацька не вярнуўся…

Прайшлі гады. Памерла бабуля. Партрэт прадзеда разам з іншымі фотаздымкамі перанеслі ў наш дом і таксама паставілі на відным месцы. Аднойчы я рыхтавалася да ўрока пазакласнага чытання па беларускай літаратуры. Адкрыла кнігу “Памяць” і там ўбачыла прозвішча свайго прадзеда.  Як пазначана ў кнізе, Ткачук Сяргей Ануфрыевіч, ураджэнец вёскі Сабалі, загінуў  у красавіку 1945 года ў Германіі, усяго месяц не дажыў да перамогі.  Там жа і пахаваны. Было яму толькі сорак гадоў.

Успомнілася бабуля, яе расказы пра вайну, пра майго прадзеда. Шкада яго, загінуў маладым. Маці казала, што дзядулі заўсёды побач не хапала. Прабабуля сама паставіла дзяцей на ногі, вывела ў свет. Не стала ўжо і яе, але памяць пра іх у нашай сям’і захоўваецца заўсёды.

Я нарадзілася 9 мая ў Дзень Перамогі і спадзяюся, што майму пакаленню не давядзецца зведаць, што такое вайна. Хочацца жыць мірна і шчасліва.

Вікторыя ГАЛАЎКО, вучаніца Равяціцкай сярэдняй школы.

Оставьте свой комментарий