Массово-политическая газета Березовского района

Прайсці праз вернасць

140
Опубликовано,
13 февраля 2017

Родная іванаўская зямелька! Для тых, каго ты ўзрасціла, няма прыгажосці большай, чым твае палі і лугі, ляскі і ўзлескі. Колькі добрых людзей ты акрыліла і выправіла ў свет! Адтуль, з тваіх жыватворных крыніц, тваёй сціплай, не заўсёды ўрадлівай зямелькі, і пайшоў у няблізкі свет спачатку на вучобу ў Мазырскі педінстытут, а потым на працу ў Бярозаўскі раён  цяпер ужо наш Міхаіл Кузьміч Шкабара. Як ён сам успамінае, ужо з дзіцячых гадоў любіў “гуляць у школу”. Пасадзіць вакол сябе суседскіх хлопчыкаў і дзяўчынак і “праводзіць урок”. А яшчэ любіў спяваць. Колькі сябе памятае – жыў з песняй. Спяваў у сваім двары, спяваў на школьных святах, на студэнцкіх вечарынах. Нават і паступаць хацеў у музычнае вучылішча. Але перамагло жаданне быць настаўнікам і менавіта роднай мовы і літаратуры.

Пасля заканчэння Мазырскага педінстытута атрымаў накіраванне ў Равяціцкую сярэднюю школу. Але папрацаваць там давялося толькі дзевяць месяцаў. Успамінае, як вёў урок у выпускным класе і адзін з вучняў папрасіў прачытаць вершы пра каханне. Пэўна, настаўнік малады, прыгожы… З такім цікава. І толькі Міхаіл Кузьміч сабраўся чытаць свае любімыя вершы, як  дзверы адчыніліся – і нечая рука падала паперку. Настаўнік прачытаў, і выраз твару яго змяніўся: гэта была павестка ў армію. Такім чынам, школу давялося пакінуць. Але гэта было першае месца настаўніцкай працы і таму такое незабыўнае. Нядаўна была сведкай, як на аўтастанцыі ў Бярозе Міхаіла Кузьміча абступілі жанчыны, якія з цеплынёй звярталіся да яго. Гэта, аказваецца, былі яго калегі па Равяціцкай школе. А прайшло ўжо з той непаўторнай вясны больш за 45 год.

Пасля службы ў арміі ўжо з маладой жонкай, таксама педагогам, быў накіраваны ў Сялецкую сярэднюю школу. Са сваёй Марыяй Іванаўнай пазнаёміліся падчас вучобы ў Мазыры. Яе, тоненькую, стройную, з такімі жывымі, яснымі вачыма, ён прыкмеціў у час сумесных выступленняў у мастацкай самадзейнасці. Ды і адзін цягнік Брэст – Бранск вазіў іх па выхадных да родных сяліб.

Чатыры гады Міхаіл Кузьміч працаваў намеснікам дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Сялецкай СШ, а з 1976 па 2008 год быў яе дырэктарам. Спачатку гэта быў драўляны будынак з цёмным калідорам. А з 1981 года перайшлі ў новую тыпавую школу. Што больш за ўсё радавала маладога дырэктара – гэта светлыя калідоры і класы ў новым будынку. А яго самога ніколі не бянтэжылі ўмовы ўласнага жылля. А жыць прыйшлося адзінаццаць гадоў на прыватнай кватэры з дваімі дзецьмі. Успамінае, як сваяк з Пінска запрашаў на працу ў будаўнічы трэст. Абяцаў кватэру ў горадзе праз год. Але, улюбёны ў сваю прафесію, Міхаіл Кузьміч не збіраўся мяняць яе нават на матэрыяльныя выгоды.

І свой прадмет – беларускую мову і літаратуру – выкладаў з любоўю. Былыя вучні ўспамінаюць, што іх настаўнік не толькі любіў чытаць паэзію, але і спяваў пакладзены на музыку праграмны верш. Разумеў, што грэх не паказаць прыгажосць, мілагучнасць беларускага слова. У яго выкананні верш ажываў, высвечваўся ўсімі гранямі. Настаўнік многа выступаў, у 1985 годзе стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу выканаўцаў патрыятычнай песні. Сваёй любоўю да музыкі Міхаіл Кузьміч змог захапіць і педагагічны калектыў. Усе гады яго працы ў школе быў хор.

Шкабара з павагай адносіўся да кожнага настаўніка. Быў уважлівым і адначасова патрабавальным, любіў парадак ва ўсім. І гэты парадак сапраўды заўсёды быў як у вучэбна-выхаваўчым працэсе, у мікраклімаце паміж членамі калектыву, так і ў эстэтыцы афармлення кабінетаў, калідора, падворка школы. Многа рабілася для патрыятычнага выхавання вучняў. У школе был створаны музей баявой славы. Некалькі разоў сам дырэктар з настаўнікамі ездзілі ў г. Краснадон з мэтай большага вывучэння дзейнасці “Маладой гвардыі”, і ў прыватнасці Алега Кашавога, чыё імя насіла піянерская дружына школы.

Міхаіл Кузьміч не быў абдзелены ўвагай органаў адукацыі. Шматразова ўзнагароджваўся граматамі раённага аддзела, абласнога ўпраўлення адукацыі, прафсаюзаў, а таксама Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. І ў той жа час гэта быў добры бацька і сапраўдны сем’янін. Жонка Марыя Іванаўна 23 гады працавала старшынёй сельскага Савета. Вядома, якая гэта нялёгкая праца. Таму Міхаіл Кузьміч ніколі не дзяліў клопаты па дамашняй гаспадарцы. І паспяваў ва ўсім. З добрай зайздрасцю бачылі гэта блізкія людзі і суседзі. І разумелі: такім і павінен быць мужчына, муж, бацька. А цяпер яшчэ і любімы дзядуля двух унукаў і дзвюх унучак. Бацькі для дочак – гэта прыклад сумленнага жыцця, вернасці жыццёвым прынцыпам. Жанна Міхайлаўна таксама настаўніца, выкладае беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе №2 г. Бярозы, Алена Міхайлаўна – бухгалтар.

Час ідзе, многае мяняецца ў жыцці. Але нішто не змяняе характар, не адбірае жыццеўстойлівасці і жыццялюбства гэтага чалавека. Міхаіл Кузьміч, як заўсёды, у страі. Ён узначальвае раённы савет ветэранаў педагагічнай працы, уведзены ў склад Брэсцкага савета ветэранаў. Добрасумленны ва ўсім, не шкадуе часу і сіл на гэтую грамадскую працу. Штомесяц удакладняе спісы ўсіх настаўнікаў, якія ўжо на заслужаным адпачынку, каб своечасова павіншаваць з юбілеем. А спіс гэты немалы: больш за 970 чалавек. Таксама арганізоўвае сустрэчы маладых настаўнікаў з тымі, хто аддаў школе па 30 – 40 гадоў. За сваю грамадскую дзейнасць ён узнагароджаны Ганаровым знакам Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.

І, пэўна ж, Міхаіл Кузьміч не пакідае свайго хобі – песні. Спявае ў хоры ветэранаў. Калектыў гэты з’яўляецца частым госцем на многіх мерапрыемствах раёна, вобласці, нават рэспублікі. Часта выступае сола. І ніколі не спасылаецца на адсутнасць часу, зморанасць, узрост… І голас яго, і само жыццё  ад тых чыстых іванаўскіх крыніц, якія яму пашчасціла знайсці і ў нашым раёне і якія не вычэрпваюцца.

…Ідзе па роднай вёсцы чалавек. Сапраўды, яна і стала М.К. Шкабару роднай за гэтыя гады. Тут усе яго ведаюць і паважаюць. Выраслі пры ім ужо новыя дрэвы, змяніўся воблік вёскі Сялец, другой яго радзімы. І ў  яе ён здолеў укласці частку сваёй душы і сэрца, сваю маладосць і сталыя гады, каб школа, якой у гэтым годзе споўніцца 200 гадоў, была сапраўдным цэнтрам асветы, культуры, святла і дабрыні. З гэтай мэтай ён і прыехаў сюды 45 гадоў назад.
І застаўся верным сабе.

Галіна ХАЛІМОНЧЫК, г. Бяроза.

Фота Мікалая СІНКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий