Массово-политическая газета Березовского района

У куфэрак ведаў

158
Опубликовано,
12 апреля 2018

У кожнага з нас ёсць мілы сэрцу куточак зямлі, невялікая кропка на карце, святое месца – маленькая радзіма.

Менавіта з гэтым месцам звязаны самыя шчаслівыя дзіцячыя і юнацкія ўспаміны, тут мы адчуваем сувязь з продкамі, тут бяруць пачатак нашы вытокі. Усе мы родам з вёскі, але ці заўсёды мы ведаем гісторыю сваёй маленькай радзімы? Рытарычнае пытанне.

Мне вельмі пашчасціла быць знаёмай з Мікалаем Аляксандравічам Пейганам – краязнаўцам, публіцыстам, гісторыкам, педагогам, сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў з 2017 года, аўтарам кніг “Сяло ля Башты” (два выданні: першае 2003 г., другое 2009 г.), “Узы-дзе зерне ў плоднай зямлі” (2011 г.).

У рамках Года малой радзімы ў Сялецкай сельскай бібліятэцы адбылася прэзентацыя кнігі Мікалая Аляксандравіча Пейгана “Ад Мормажава да Залесся. Вёскі Сялецкага прыхода” з удзелам аўтара.

Гістарычны нарыс, які пабачыў свет ў 2017 годзе, знаёміць чытача з мінулым шэрагу вёсак і хутароў, гістарычна звязаных з Сяльцом, існуючых сёння і адышоўшых у нябыт – Куроўшчына, Нарутавічы, Зубачы, Селаўшчына, Мормажава, Сашыца, Панасавічы, Радчыцы, Зарадахач, Каты і інш., а таксама з канкрэтнымі асобамі, якія пакінулі адбітак у памяці людзей.

Аўтар кнігі паведаміў прысутным аб сваіх першых кроках і спробах пяра, якія адбыліся яшчэ ў час вучобы ў школе. Мікалай Аляксандравіч вядомы праз разнастайныя артыкулы на старонках перыядычнага друку, найперш раённай газеты “Маяк”. М. Пейган агучыў асноўную сваю задачу і матыў пры напісанні прэзентуемай кнігі: як мага глыбей укараніцца ў мінулае і адлюстраваць непаўторную своеасаблівасць кожнай вёскі і яе насельнікаў. Падкрэслена, што ахоп населеных пунктаў больш шырокі, чым сучасная адміністрацыйная структура. Так, у прыватнасці, у кнізе ёсць матэрыял аб вёсках Бухалі і Чарнічнае з Малецкага сельскага Савета і Залессі і Хвалявічах з Пружанскага раёна. Аўтарам была падкрэслена роля літаратурна-краязнаўчай гасцёўні “Вытокі Башты” пры Сялецкай бібліятэцы, якая шмат гадоў захоўвае і распаўсюджвае літаратурныя набыткі мясцовых аўтараў, далучае маладое пакаленне да краязнаўчых пошукаў.

На прэзентацыі прысутнічалі старшыня Сялецкага сельвыканкама У.М. Хілько, які актыўна садзейнічаў аўтару ў зборы матэрыяла, старшакласнікі Сялецкага ВПК я-с – СШ, настаўнікі школы, вяскоўцы.

Сваёй творчасцю ўпрыгожылі мерапрыемства актыўныя чытачы бібліятэкі і яе памочнікі, а таксама работнікі Сялецкага дома культуры Н. Трафімовіч, В. Гурская, Т. Гусева, У. Радкевіч і Г. Хілько.

Таццяна ЛІННІК, бібліятэкар Сялецкай сельскай бібліятэкі.

Оставьте свой комментарий