Массово-политическая газета Березовского района

Адказны рамантык

192
Николай Синкевич,
09 сентября 2017

Іван Кот, майстар па рамонте турбіннага абсталявання філіяла «Белаазерскэнергарамонт», 26 год.

– Рамантык або прагматык?

– Рамантык. Па поглядах на жыццё, адносінах да людзей. Я не разглядаю людзей як крыніцу выгады.

– Давяраць ці правяраць?

– Правяраць – дзякуючы спецыфіцы працы. Работа на нашым прадпрыемстве спалучана з высокай ступенню небяспекі, абсталяванне таксама дарагое. Таму мне ўласціва ўсё пераправяраць. Вядома, калі калега зарэкамендаваў сябе адказным чалавекам – яму давяраеш больш. У звычайным жыцці я веру людзям, нават незнаёмым, імкнуся знаходзіць у іх добрыя рысы.

– Раніца ці вечар?

– Раніца. Прачынаюся з жаданнем ісці на працу, разуменнем таго, што мяне чакаюць новыя справы, здзяйсненні, магчымасць навучыцца новаму. А імкненне дасягнуць чагосьці лепшага прымушае рана ўставаць і працаваць над сабой.

– Традыцыі або навізна?

– Традыцыі. Гэта павага да старэйшых і іншыя фундаментальныя рэчы, якім мяне вучыў бацька, а яго – дзед і г.д, то бок нормы жыцця, выпрацаваныя пакаленнямі нашых продкаў. Ну і, вядома, у коле сям’і мы адзначаем традыцыйныя святы – Каляды, Вялікдзень і іншыя. Да новага я таксама стаўлюся добра, але адначасова імкнуся прааналізаваць, вывучыць яго з розных бакоў і зрабіць свае высновы.

– Быць незаўважным або яркім?

– Публічнасць – гэта не маё.

– Чорны ці белы?

– Белы. Я абраў інтуітыўна, не задумваючыся, чаму.

– Тады: логіка або інтуіцыя?

– На першым месцы ў мяне стаіць логіка. Як я казаў, дзякуючы спецыфіцы працы: у нас усё пабудавана на логіцы, на дакладным аналізе і разліку. Толькі калі вычарпаныя ўсе лагічныя варыянты – тады застаецца спадзявацца на інтуіцыю, але гэта бывае вельмі рэдка. І добра, што такія сітуацыі рэдкія. А інтуіцыяй часцей карыстаюся дома ў прыватным жыцці.

– Адзінота або кампанія?

– Адзінота. Стан, калі ты знаходзішся сам-насам з думкамі, дапамагае захоўваць душэўную раўнавагу.

– Канфарміст ці бунтар?

– Хутчэй, канфарміст. Не люблю навязваць сваё меркаванне і спачатку прааналізую, ці варта гульня свеч, перш чым увязвацца ў які-небудзь канфлікт.

– Вячэра: з’ем сам або аддам ворагу?

– З’ем сам. Выконваць рэкамендацыі па здаровым ладзе жыцця вельмі цяжка, так што вячэра ў мяне пасля шасці. Канстытуцыя і ўзрост таксама гэта дазваляюць. Але ўсё роўна трымаю сябе ў разумных межах, таму што пераяданне ўвечары выклікае цяжар зранку.

– Тэлевізар або актыўны адпачынак?

– Актыўны адпачынак. Люблю праводзіць вольны час на прыродзе, атрымліваць фізічную нагрузку. Таксама падабаецца бокс, якім займаюся са школы.

Фота аўтара.

Оставьте свой комментарий