Массово-политическая газета Березовского района

Аграгарадок як варыянт

192
Николай Синкевич,
28 октября 2017

Мікалай Цалуйка, урач-рэнтгенолаг Белаазёрскай гарадской бальніцы, 27 гадоў.

– Прышчапляцца альбо не?

– Калі аб дзіцячых прышчэпках і рэвакцынацыі – так: адназначна і без варыянтаў. Што тычыцца навамодных прышчэпак ад грыпу дарослых, схіляюся больш да таго, каб рабіць, чым не рабіць. Асабліва калі працуеце з вялікай колькасцю людзей. Хоць гэта і не дае 100% гарантыі, што вы не захварэеце, але ўсё ж імунітэт будзе больш падрыхтаваным.

– FB або VK?

– Vkontakte. Першая мая сацыяльная сетка. На мой погляд, вельмі зручная, простая і зразумелая. Праўда, для размоў яе амаль што не выкарыстоўваю, больш як файлаабменнік і музычны плэер.

– Грошы ці сябры?

– Складана не думаць пра грошы, калі ў цябе сям’я. Але ў любым выпадку сябры больш прыярытэтныя, асабліва сапраўдныя.

– Кава або гарбата?

– Гарбата. Чорная, моцная і ў пакеціках. Хутка і зручна. Каву вельмі рэдка п’ю і толькі з малаком. Вось, праўда, вельмі не ўпэўнены, што ў пакеціках гарбаты таго самага кафеіну менш.

– Дамасед або падарожнік?

– Дамасед. Наогул не вельмі люблю працяглыя пераезды куды-небудзь. Сумна і стомна.

– Інтраверт або экстраверт?

– 50 на 50, хоць можа нават больш у бок інтраверта. Усё ж перажываю за многія рэчы, нават за, здавалася б, усялякую лухту.

– Дзяўчаты: прыгожыя або разумныя?

– І колькі б не казалі, што прыгажосць не важная, а галоўнае розум і багаты ўнутраны свет, але не – заўсёды будуць сустракаць па вонкавым выглядзе. Так што ўсё ж прыгожыя. Хоць, вядома, два ў адным – гэта заўсёды выдатна.

– Рызыка ці абачлівасць?

– Абачлівасць. Тройчы падумаю, праверу і пераправеру. Неяк інструктар па ваджэнні сказаў: слова «напэўна» пры кіраванні аўто быць не павінна. Лічу, што гэта дастасавальна да многага. Лепш падрыхтавацца, прыдумаць варыянты, чым рызыкаваць.

– Футбол або рыбалка?

– На самай справе, не люблю ні таго, ні другога. Але рыбалка – дакладна не маё. Для мяне гэта вельмі сумніўнае задавальненне.

– Кнігі ці кіно?

– Усё ж выберу кнігі. Праўда, не класічныя папяровыя, а электронныя. Хоць і паглядзець добры фільм заўсёды за.

– Канапа ці трэнажорная зала?

– Праца і сям’я цяпер забіраюць амаль увесь час. Таму аддам перавагу майму «чатырохногаму сябру» – канапе.

– Горад альбо вёска?

– Вёска, але толькі не зусім глуш. Вядома, плюсоў у гарадах вельмі шмат, але вялікія гарады не люблю, калі ўсё далёка, мітусня. Лепей якая-небудзь простая інфраструктура, добры інтэрнэт. Аграгарадок як варыянт!

– Вячэра: з’есці самому або аддаць ворагу?

– Вячэра – гэта маё, напэўна, апошняе паўнавартаснае харчаванне. Так што, ды даруюць мне ворагі, з’ем сам.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий