Массово-политическая газета Березовского района

Іншапланетныя істоты

481
Николай Синкевич,
07 октября 2017

Алена Аполька, індывідуальны прадпрымальнік, 47 гадоў.

– Грошы або вялікія грошы?

– Усё-такі вялікія грошы. Больш грошай – больш магчымасцяў. Можна ўжо не толькі аб хлебе надзённым задумвацца...

– Вясна ці восень?

– Восень! Дакладней «бабіна лета»! Прыгажосць неверагодная!!! Чароўныя фарбы! Прыемнае цяпло. І з дзяцінства люблю зграбаць апалае лісце.

– Інтраверт або экстраверт?

– Неяк прайшла тэст у часопісе «Псіхалогія», высветлілася, што я «ціхі інтраверт». А блізкае акружэнне чамусьці ўспрымае мяне як гіперактыўнага экстраверта. Я на самой справе ні тое, ні другое ў чыстым выглядзе. Вядома ж, падабаецца сустракацца з цікавымі людзьмі. А памаўчаць бывае нават карысна.

– Натхненне ці планамерная праца?

– Мне трэба! Проста неабходна!!! Натхненне для планамернай працы.

– Кветкі або марозіва?

– Рамантычнае або практычнае? Блізкім да практычнага заўсёды дадаю трохі мілай, прыемнай рамантыкі. Для сябе прыму любое з падзякай!

– Паэзія ці проза?

– Вядома ж, чытаю і паэзію, з творчасці любімых паэтаў штосьці ведаю на памяць. Але на сённяшні дзень усе-такі проза, бо чытаю ў асноўным у дарозе. Як на мой погляд, цягнік «Брэст-Мінск» не самае прыдатнае месца для паэзіі.

– Сукенка або штаны?

– Джынсы. Зручна, універсальна, заўсёды да месца. Сукенкі, канешне, ёсць, апранаю іх час ад часу. Можна і часцей, але цяпер не магу дазволіць сабе высокія абцасы, а з нізкімі ўжо зусім не тое.

– Быць непрыкметным або яркім?

– Не люблю прыцягваць да сябе павышаную увагу, але і быць шэрай як асфальт таксама не хочацца.

– Логіка або інтуіцыя?

– Усё часцей і часцей стала давяраць менавіта інтуіцыі.

– Адзінота або кампанія?

– Адзінота мне не ў цяжар. Кампанія свая, сталая, ведаем адзін аднаго шмат-шмат гадоў. А вялікіх, шумных і малазнаёмых стараюся пазбягаць.

– Кот ці сабака?

– Кот. Вялікі, пухнаты, цёплы, мяккі, гучны мурлыка чакае мяне дома. Кошкі – гэта нейкія іншапланетныя істоты, пасланыя назіраць за людзьмі.    Розум, прыгажосць, абаянне, грацыя, ласка, нейкі бязмежны давер і адданасць. Засмучае, што некаторыя з людзей так жорстка, бязлітасна да іх ставяцца. Сабакі таксама прыгожыя, але я не ўмею з імі размаўляць, таму трохі пабойваюся.

– Дараваць або помсціць?

– Дараваць! Шмат-шмат гадоў таму я вырашыла, што цалкам згодная са словамі абата Фарыя. Не ўпэўненая, што памятаю іх даслоўна. «Аз воздам!» – сказаў Гасподзь. Вяршыць самому прысуд цяжка для цела і разбуральна для душы.

– Адпачынак на прыродзе або шумная вечарынка?

– Жаданне шумных вечарынак неяк сышло на нуль. Вось бы навучыцца ўставаць крыху раней і сустракаць узыход сонца. Ці ў крэсле-качалцы, загарнуўшыся ў мяккі плед, з гарачым кубкам у руках назіраць, як яно коціцца да заходу... Ну і на шашлыкі таксама можна.

– Вёска ці горад?

– Адназначна горад. Паверхі, скверы, вячэрняе асвятленне, падсветленыя вітрыны. Вельмі падабаецца вячэрні Мінск, дзе рух не спыняецца да глыбокай ночы.

– Хлопцы: прыгажуны або з грашыма?

– Лепш, канешне, два ў адным!..     

Хутчэй шчодры, гатовы падзяліцца і малым, прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну і падтрымаць у гаротную гадзіну.

Фота Мікалая ЛЯВОНАВА.

Оставьте свой комментарий