Массово-политическая газета Березовского района

Картачны домік

362
Николай Синкевич,
11 ноября 2017

Максім Кохан, выкладчык грамадазнаўства гімназіі г. Белаазёрска, 24 гады.

– Ніцшэ ці Кант?

– Як чалавек з філасофскай адукацыяй, я мог бы доўга і марудна распавядаць, чым добры адзін, а горшы другі, але скажу коратка: мой выбар – Кант. Бо Кант пісаў: “Вясёлы выраз твару паступова адбіваецца і на ўнутраным свеце”, а Ніцшэ, на мой погляд, досыць песімістычны.

– Кава альбо гарбата?

– Адназначна гарбата. Без цукру.

– Аўто ці ровар?

– Пакуль не маю правоў, то ровар, але вядома, што аўто значна зручней. А каб не забруджваць навакольнае асяроддзе, то электракары.

– Вольны стыль або дрэс-код?

– Вольны стыль, і даволі станоўча стаўлюся да вольнага стылю адзення ў школе.

– Быць незаўважным альбо яркім?

– Асоба мае быць яркай.

– Android ці Windows OS?

– Android, але насамрэч усё роўна – галоўнае, каб была магчымасць тэлефанаваць, смс ды выхад у інтэрнэт.

– Логіка альбо інтуіцыя?

– Логіка. Можа, не заўсёды атрымліваецца яе выкарыстоўваць, але зразумела, што толькі логіка выратуе наш свет.

– Зямля ці Марс?

– Той жа Кант пісаў, што “адна з рэчаў, якая напаўняе нашу душу здзіўленнем і глыбокай павагай – зорнае неба над намі“, але ўсё ж такі мой выбар – Зямля, таму што трэба навесці парадак тут, а ўжо пасля ляцець на Марс.

– Стабільнасць ці развіццё?

– Стабільнае развіццё. Часам можна пакласці стабільнасць на алтар развіцця і прагрэсу, таму што ў перспектыве карысць для грамадства і чалавека значна большая. Зразумела, што гэта погляд маладога чалавека, досыць радыкальны, але, як казаў Чэрчыль: “Хто не быў у маладосці радыкалам, у таго няма сэрца”.

– Інтраверт ці экстраверт?

– Амбіверт. Не магу адназначна вызначыць накіраванасць маёй асобы: унутр ці, наадварот, на знешні свет.

– Бар альбо стадыён?

– Пэўна, бар, бо там можна паесці, але вядома, што эмоцыі, якія пануюць сярод заўзятараў на стадыёне, перасільваюць смак ежы.

– Салёны або салодкі?

– Салодкі, таму што гарбата без цукру.

– Лідар ці выканаўца?

– Лідар. Канешне, магу быць і падначаленым, але генерыраваць ідэі, арганізоўваць працу і весці людзей за сабой атрымліваецца ў мяне значна лепш.

– “Гульні прастолаў” ці “Зорныя войны”?

– Увогуле, “Картачны домік”, а “Гульні прастолаў“ і “Зорныя войны“ не глядзеў. Мне даволі цяжка падабраць серыял для прагляду, бо вельмі прыдзірліва падыходжу да выбару сюжэта.

Фота Сяргея Свідзерскага.

Оставьте свой комментарий