Массово-политическая газета Березовского района

Лекі, сонца, травы

221
Николай Синкевич,
06 августа 2017

Лізавета Камінская, загадчык Бярозаўскай цэнтральнай раённай аптэкі №18, сама ўжывае лекі, карыстаецца касметычнымі сродкамі і распавядае, як рабіць гэта правільна.

– Ці можа шкода ад лекаў перавышаць шкоду ад хваробы? Рэклама фармпрэпаратаў правакуе бескантрольнае іх ужыванне насельніцтвам.

– Кожныя лекі ствараюцца для лячэння пэўнага захворвання, і часта яны могуць лячыць адно, але пры гэтым спрыяць развіццю іншых хвароб і паталогій. Практычна ўсе яны маюць пабочныя дзеянні і супрацьпаказанні. І шкоду ў большасці выпадкаў прыносяць пры няправільным прыёме, таму перш за ўсё вывучце інструкцыю па ўжыванні, нават калі лекі прадаюцца без рэцэпта і з’яўляюцца звыклымі і шырокавядомымі. Спецыялісты аптэк таксама заўсёды адкажуць на вашы пытанні. І, канешне, карысны эфект ад лекаў не заўсёды залежыць ад іх колькасці.

– Вы ўжываеце фармпрэпараты?

– Так, пры неабходнасці. Своечасова (пры першых сімптомах) прыняты прэпарат можа цалкам прадухіліць далейшае развіццё захворвання. А папярэдзіць захворванне, якое пачынаецца, – гэта заўсёды больш эфектыўна, чым лячыць запушчанае.

– Злоўжыванне лекамі разбурае натуральны імунітэт чалавека. Якая, на ваш погляд, альтэрнатыва фармакалогіі ў падтрыманні здароўя?

– Адмовіцца ад шкодных звычак, высыпацца, не ператамляцца, выконваць рэжым дня і харчавання, навучыцца кіраваць сваімі эмоцыямі і змагацца са стрэсам, займацца спортам.

– Крэмы супраць загару і іншыя касметычныя сродкі таксама ўтрымліваюць масу хімічных агентаў, якія ўключаюцца ў абмен рэчываў і з цягам часу могуць аказваць непрадказальнае дзеянне. З іншага боку, мы да іх прывыклі. Што рабіць у такім выпадку?

– Трэба выбіраць меншае зло. Пад уздзеяннем сонца скура з часам губляе эластычнасць, становіцца больш сухой і рана старэе. Прырода надзяліла нашу скуру адмысловым ахоўным пігментам меланінам. Але на сённяшні дзень гэтай натуральнай абароны ўжо не хапае. І на дапамогу ёй прыходзіць касметалогія – сонцаахоўныя сродкі, якія змяшчаюць спецыяльныя фільтры, што не толькі паглынаюць большую частку ўльтрафіялету, але і спрыяюць утварэнню меланіну.

Такая касметыка адрозніваецца па ўзроўні абароны ад ультрафіялетавых прамянёў, яе эфектыўнасць пішацца на ўпакоўцы ў выглядзе індэкса SPF (фактар абароны ад сонца), які можа вагацца ад 2 да 60. Ён паказвае, у колькі разоў зніжаецца УФ-выпраменьванне пасля прымянення сродку. Чым вышэй SPF, тым лепш такі крэм абараняе скуру.

Для таго, каб правільна падабраць крэм, неабходна ўлічваць не толькі ўзровень абароны, але і свой тып скуры. Таксама звяртайце ўвагу на дадатковыя натуральныя кампаненты, якія ўваходзяць у склад крэму, напрыклад: зялёны чай, вітамін Е, а таксама бэта-карацін і алоэ. Яны ўвільгатняюць і танізуюць скуру.

– Яшчэ адна крайнасць: людзі, напалоханыя «хіміяй», пачынаюць лячыцца разнастайнымі «народнымі» сродкамі. Што вы можаце ім параіць?

– Мы нікому не можам забараніць ставіць эксперыменты над сваім арганізмам. Раю ім не верыць усяму, што пішуць у Інтэрнэце, і не ўсе на сабе апрабоўваць. Са сродкаў народнай медыцыны часцей за ўсё выкарыстоўваюцца травы. У параўнанні з лекамі хімічнай вытворчасці травы маюць нізкую таксічнасць, магчымасць працяглага прымянення, многія валодаюць супрацьалергічным дзеяннем (рамонак, ваўчкі, святаяннік, крываўнік). Але травы павінны быць сабраны ў экалагічна чыстых месцах, трэба мець навыкі і веды, якія дазваляюць вызначыць канкрэтны від расліны, правілы сушкі і захоўвання. Таму лепей набываць лекавыя расліны і зборы траў у аптэках.

Оставьте свой комментарий