Массово-политическая газета Березовского района

Магчымасць размаўляць

278
Николай Синкевич,
31 июля 2017

Аляксей Масеціч, г. Бяроза, 24 гады. У 2016-м атрымаў ступень бакалаўра ў ДІКСТ БДУ па спецыяльнасці HR-менеджар, цікавіцца музыкай і захапляецца футболам. Гаворыць па-беларуску паўсядзённа з 2010 года, «з моманту, калі даведаўся, што прыняты ва ўніверсітэт імя М. Танка на факультэт беларускай філалогіі, які ў той жа год быў закрыты, а я ў 2012 годзе паступіў у БДУ».

– Каб пастаянна размаўляць на беларускай мове, трэба быць адважным чалавекам?

– Не, не трэба. Для таго, каб гаварыць на маім узроўні, не трэба нічога. Увогуле лічу, што меркаванні наконт “складанасцяў” пераходу на беларускую мову і непаразумення ў грамадстве і ёсць самая галоўная перашкода для паглыблення роднага слова. Размаўляць па-беларуску – звычайная справа.

– Пераважальная рэакцыя публікі на вашу мову: станоўчая або адмоўная?

– Рэакцыя людзей, якіх я сустракаў на сваім жыццёвым шляху,  адназначна станоўчая, без варыянтаў.

– Можаце ўзгадаць самы драматычны момант з вашай размоўнай практыкі?

– Па-мойму, былі толькі камедыйныя. І яшчэ я зрабіў выснову: беларуская мова дапамагае зарабляць грошы. Я крыху працую ў краме канцтавараў і кнігарні, якія трымае мая мама. І ў 2012 годзе быў такі выпадак. Стаяў я на рынку з канцтаварамі. Да мяне падышлі нейкія людзі з Гродна, што прыехалі ў Бярозу па сваіх справах. Мы добра паразмаўлялі,
і яны купілі патрэбныя рэчы. А на развітанне паабяцалі набываць канцтавары толькі ў мяне, бо гэта яшчэ і добрая нагода, каб паразмаўляць на мове.

– Ваш матыў размаўляць на роднай мове ў пераважна рускамоўным грамадстве?

– У школьныя гады – юнацкі максімалізм і нігілізм, ва ўніверсітэце – не магло быць інакш, бо я вучыўся на настаўніка беларускай мовы (а якое навучанне дзяцей той мове, якая табе самому не патрэбна?), зараз – падтрымка сям’і. Я хачу, каб мае родныя чулі сваю родную мову кожны дзень. Яны не супраць, я так думаю.

– Якімі яшчэ мовамі вы валодаеце?

– Рускай, польскай, украінскай, слабей – англійскай, румынскай і італьянскай.

– Які, на ваш погляд, абагульнены партрэт беларускамоўнага беларуса?

– Агульнага партрэта няма: адзін – дырэктар школы, другі – звычайны чалавек, як я.

– Ці папулярная, на ваш погляд, беларуская мова ў маладзёжным асяроддзі?

– Мова папулярная? Я бы не хацеў так думаць. Ёй і без папулярнасці добра. Лічу, што ўсе размовы пра нейкі заняпад беларускай мовы пустыя. І не такое яна перажывала.

– Ваша парада: як пачаць размаўляць на роднай мове?

– Адзінае месца, дзе ты можаш размаўляць з усімі па-беларуску, – Беларусь. Раз ты тут – можаш скарыстацца такой магчымасцю. Ды і хто я такі, каб каму-небудзь што-небудзь раіць? На мой погляд, размаўляй як хочаш, у залежнасці ад таго, жадаеш ты, каб цябе зразумелі, ці не.

Оставьте свой комментарий