Массово-политическая газета Березовского района

На мяжы падзелу

155
Николай Синкевич,
28 апреля 2017

Прыват чат з Вольгай Паўлюковіч, галоўным спецыялістам прадстаўніцтва IEC GmbH 

– Натхненне ці планамерная праца?

– Натхненне. Планамерная праца не для мяне. Гэта стамляе і не прыносіць станоўчых эмоцый. Я лёгка магу працаваць па 12 – 14 гадзін і адчуваць поўнае задавальненне ад выніку. Пры гэтым пастаянна атрымліваць эмацыйную аддачу і прыліў сіл.

– Белы або чорны?

– Хутчэй за ўсё – у палоску. Не бывае чыста белага або чыста чорнага датычна жыцця, працы, пачуццяў, эмоцый і г.д. Мы заўсёды на мяжы падзелу, а калі так, то гэта – палоска.

– Сукенка або штаны?

– Люблю сукенкі, але не ўяўляю сваё жыццё без штаноў.

– Традыцыі або навізна?

– Новае – амаль заўсёды добра забытае старое. Няхай гэта будзе мода на спадніцы мідзі або захапленне паходамі з палаткай. Таму выберу навізну.

– Быць незаўважным або яркім?

– Яркім, але не ў дачыненні да знешнасці. Яркая вокладка не
заўсёды з’яўляецца прыкметай якасці. Мы жывём часам як героі фільма “Дзень сурка”, і, можа, варта падмацаваць сваё меркаванне прачытанай кнігай у паходзе па трэках Нарвегіі або на беразе Ціхага акіяна ў Інданезіі...

– Брыльянты або сябры?

– Сябры, і толькі яны. Упрыгожваць сваё жыццё трэба усмешкамі сяброў, пры гэтым не баючыся выціраць іх слёзы.

– Логіка або інтуіцыя?

– Ёсць меркаванне, што жаночай логікі не існуе, таму сваю называю інтуіцыяй.

– Адзінота або кампанія?

– Кампанія, люблю праводзіць час сярод сваіх блізкіх, няхай гэта сям’я або дарагія сэрцу сябры.

– Рызыка ці разлік?

– Не магу не разлічваць і не рызыкаваць. У адных выпадках заўсёды спрабую прадбачыць, а ў некаторых рызыкую не думаючы.

– Кот ці сабака?

– Як сказала б мая дачка: “Котапёс”. У мяне ёсць і любімая котка, і верны сабака.

– Дарыць або атрымліваць падарункі?

– Дарыць і яшчэ раз дарыць. Гэта мая, напэўна, самая марна-траўная якасць. Неапісальнае задавальненне усведамляць, што твой падарунак быў нечаканы і дакладна “ў дзясятку”.

– Лідэр ці выканаўца?

– Лідэрамі не нараджаюцца, а становяцца. Так што я ўпэўнена іду ўверх.

– Мода або стыль?

– Стыль. Не ганяюся за навінкамі, мне падабаецца адчуваць сябе такой, якая ёсць, у любімых сілуэтах.

– Бенедыкт Камбербэтч або Дэніэл Крэйг?

– Не той і не іншы, як акцёры і іх персанажы. Хутчэй за ўсё Уіл Сміт і Джэкі Чан. Нечакана, так?

– Інтраверт або экстраверт?

– Экстраверт, адкрытыя зносіны для мяне неад’емная частка жыцця. Дзялюся эмоцыямі і энергіяй пастаянна.

Мікалай СІНКЕВІЧ.

Фота Сяргея СВІДЗЕРСКАГА.

 

Оставьте свой комментарий