Массово-политическая газета Березовского района

Пачуцці і ноты

123
Николай Синкевич,
21 февраля 2017

Таццяна Кашцялян, настаўнік па класе акардэона Белаазёрскай Дзіцячай школы мастацтваў.

– Рамантык ці рэаліст?

– Я эмацыйны чалавек, але рэальна гляджу на жыццё, прымаю яго як данасць.

– Змена або пастаянства?

– Мая праца патрабуе пастаяннага руху наперад і змены. Я падладжваюся пад цяперашняе пакаленне дзяцей, якое і ўносіць карэктывы ў жыццё.

– Праца ці творчасць?

– Для мяне гэта адно і тое ж. Мая праца звязана з творчасцю – і я вельмі шчаслівая, што займаюся любімай справай, атрымліваючы ад гэтага задавальненне.

– Прабачэнне або справядлівасць?

– Вядома ж, справядлівасць. Люблю, каб ва ўсім быў парадак. Патрабую ад навакольных такога ж стаўлення да сябе.

– Вы інтраверт або экстраверт?

– Я заўсёды знаходжуся ў руху, у пошуку. Мне неабходны погляд з боку, каб адчуваць сваю запатрабаванасць.

– Зіма або лета?

– Я аматар сонца і з задавальненнем выязджаю ў гарачыя краіны на адпачынак. Мы жывём у такім клімаце, што можам не толькі папесціцца на сонцы, але і адчуць сапраўдную снежную марозную зіму, прайсціся па хрумсткім снезе. І ад гэтага шчаслівыя.

– Граць або слухаць?

– Паслухаць музыку ў добрым выкананні заўсёды прыемна. Падсілкоўваешся станоўчымі эмоцыямі, зараджаешся энергіяй. Але калі граеш сам або з вучнямі – гэта зусім іншыя пачуцці. Ёсць магчымасць пранікнуцца ў кожную ноту, фразу і атрымаць задавальненне ад таго, што можаш падзяліцца часцінкай сваёй душы з іншымі.

– Спантаннасць або планаванне?

– Я жыву адным днём. Максімум – планую на 2-3 дні. Вырашаю пытанні па меры паступлення. А спантанна можна паехаць у адпачынак, які ніколі не планую.

– Грамадскае харчаванне або хатняя кухня?

– Вядома ж, хатняя кухня, калі можна прыгатаваць што-небудзь смачнае і цікавае. І карысць для здароўя непараўнальная.

Прыгажосць або практычнасць?

– Калі гэта тычыцца гардэроба, то для мяне прыгажосць важней. Выглядаць добра і прывабна, напэўна, імкнецца кожная дзяўчына.

Фота аўтара.

Оставьте свой комментарий