Массово-политическая газета Березовского района

Піруэты думкі

87
Николай Синкевич,
04 ноября 2017

Вольга Скробат, мастацкі кіраўнік Палаца культуры г. Бярозы, 30 гадоў.

– Кіно ці тэатр?

– Кіно і тэатр – два выдатных вечных віда мастацтва. Для мяне адрозненне кіно і тэатра ў тым, што кіно – гэта забаўка кожнага дня, спецэфекты, пастаянная змена абставін і часу; а тэатр – ён сам па сабе вялікае свята, разлічанае не на кожны дзень, гэта жывая гульня. Там не паставіш шмат спецэфектаў, і асноўны ўпор робіцца на эмоцыі, якія ідуць ад акцёраў.

І тэатр, і кіно – кожны з іх добры па-свойму. Сама я люблю і тое, і другое, і з пункта гледжання разнастайнасці таксама.

– Натхненне ці планамерная праца?

– У маёй прафесіі ёсць мерапрыемствы, якія робяцца па плане, а ёсць такія, якія напісаць па стандарце немагчыма. І вось тут трэба натхненне (хачу ўдакладніць: кажу аб творчым натхненні, калі думка выконвае піруэты, а не аб натхненні для капання траншэй), ці іншымі словамі – каб наведала муза.

– Сукенка або штаны?

– Я аддаю перавагу штанам, для мяне гэта зручны стыль адзення. Але ў сувязі з працай даводзіцца апранаць сукенкі, каб каго-небудзь сустрэць ці правесці мерапрыемства.

– Традыцыі або навізна?

– Усё новае заўсёды ўспрымаецца з асцярогай. Але я аматар паэксперыментаваць.

– Быць незаўважнай або яркай?

– Не люблю вылучацца, няма патрэбы падымаць самаацэнку. У мяне няма залежнасці ад меркаванняў іншых, ад іх адзнак. Мне не патрэбны авацыі, каб падняць сваю значнасць. А шчасце і радасць знаходжу ўнутры сябе, у сваёй сям’і, але ніяк не ў адабрэнні атачэння. Вось так.

– Брыльянты або сябры?

– Канешне, сябры. Але гэтыя два паняцці можна параўнаць, бо сяброўства, як брыльянт, сустракаецца рэдка, каштуе дорага, а падробак – шмат.

– Бяроза ці Мінск?

– Бяроза. У Мінску ўсе кудысьці спяшаюцца, там немагчыма сустрэць незнаёмага чалавека двойчы. У вялікі горад можна з’ездзіць у госці, але цягне заўсёды ў наш невялікі, але вельмі ўтульны гарадок.

– Адзінота або кампанія?

– Пад настрой. Часам так хочацца куды-небудзь вырвацца, і каб шмат людзей вакол, і такая атмасфера свята! А бывае, што хочацца хутчэй прыйсці дадому, сесці ў крэсла і не думаць ні аб чым. І калі ў такі момант знаходзішся сярод людзей, усё раздражняе і прыгнятае. Так што тут толькі ад унутранага стану залежыць.

– Рызыка ці абачлівасць?

– Я не рызыкоўны чалавек. Абачлівасць у разумных межах павінна прысутнічаць у кожнага чалавека. Я прытрымліваюся прымаўкі «Сем разоў адмерай, адзін раз адрэж». Для мяне трэба ўзважыць усе «за» і «супраць»

– Кот ці сабака?

– Я люблю розных жывёл. У мяне дома ёсць папугай, рыбкі і чарапахі. Хачу завесці ката, муж з сынам хочуць сабаку.

– Шкодныя звычкі або здаровы лад жыцця?

– Як і любы чалавек, я за здаровы лад жыцця.

– Смартфон або камп'ютар?

– У наш час трэба і тое, і іншае. Мабільныя камп'ютары пастаянна развіваюцца. Свет не спыніцца з-за таго, што я ўстала з-за працоўнага стала або выйшла з хаты, таму мне трэба прылада, з якой можна займацца сваімі справамі дзе хочаш.

– Лідар ці выканаўца?

– Што тычыцца асабіста мяне, я аднолькава камфортна адчуваю сябе і ў ролі кіраўніка, і ў ролі падначаленага. І потым, на кожнага лідара заўсёды знойдзецца яшчэ больш “лідарскі” лідар, у якога ён будзе толькі выканаўцам. А наогул, я – Творца.

– Мода або стыль?

– Мода – гэта тое, што табе прапануюць дызайнеры, а стыль – тое, што ты выбіраеш сам. А я выбіраю стыль.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий