Массово-политическая газета Березовского района

Прыгожае ў штодзённым

806
Николай Синкевич,
16 сентября 2017

Таццяна Говін, намеснік дырэктара ДШМ г. Белаазёрска, выкладчык скрыпкі, 26 гадоў.

– Антоніа Вівальдзі ці Арканджэла Карэлі?

– Гэта два вялікіх творцы свайго часу. Нарадзіліся прыблізна ў адзін час, па некаторых звестках, Вівальдзі з’яўляецца вучнем Карэлі, таму музыка гэтых майстроў стылістычна вельмі падобная. Але хай будзе Вівальдзі, бо ўсе ведаюць яго знакаміты твор «Шторм».

– Кава або гарбата?

– Кава. Зусім нядаўна я ўступіла ў шэрагі заядлых каваманаў.

– Сукенка ці штаны?

– У нашым сучасным свеце насіць штаны адназначна больш практычна і зручна, але я выбіраю сукенку як сімвал жаноцкасці і прыгажосці.

– Іграць або слухаць?

– Праслухоўванне добрай музыкі, наведванне канцэртаў дорыць масу пазітыўных эмоцый, якія натхняюць мяне на новыя ідэі, стымулююць больш упарта займацца. Таму гэты працэс узаемазвязаны: спачатку слухаем, потым іграем.

– Быць непрыметнай або яркай?

– У сваёй справе мне падабаецца быць яркай, цікавай, але па жыцці не люблю лішняй увагі.

– Брыльянты або сябры?

– Сябры і ёсць нашы каштоўныя камяні, нашы брыльянты.

– Логіка або інтуіцыя?

– Інтуіцыя. Я шчыра стараюся быць лагічнай і разважлівай, але ў прыняцці рашэнняў усё-такі кіруюся падказкамі свайго ўнутранага «Я».

– Адзінота або кампанія?

– Я хатні чалавек, не люблю шумных кампаній, вечарынак, таму хутчэй за ўсё я выберу адзіноту.

– Рызыка ці абачлівасць?

– «Хто не рызыкуе, той не п’е шампанскага» – гэта не пра мяне. Я павінна ведаць, што я раблю, чаму і навошта я гэта раблю і якія наступствы мяне чакаюць.

– Кот ці сабака?

– У мяне дома жыве выдатная кошка, але ўпотай я мару пра сабаку.

– Канапа ці трэнажорная зала?

– Шчыра прызнаюся, што канапа.

– Дарыць або атрымліваць падарункі?

– Ох ужо гэта мая эгаістычная натура! Люблю атрымліваць падарункі, проста люблю!

– Лідар ці выканаўца?

– Выканаўца. Я лічу, што да ролі лідара мне трэба яшчэ дарасці, набрацца вопыту, сфарміраваць сваё бачанне ў адносінах да розных рэчаў, тады ўжо можна будзе прэтэндаваць на пазіцыю лідара.

– Мода або стыль?

– Як сказаў А. Васільеў, прытрымлівацца моды смешна, а не прытрымлівацца – дзіўнавата. Лічу, што мода і стыль павінны знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі.

– Яснасць або загадкавасць?

– У кожнай дзяўчыне павінна быць таямніца і загадка, але галоўнае не перабраць, каб не ператварыцца ў рэбус.

– Паэзія ці проза?

– Вядома паэзія, яна вучыць нас знаходзіць прыгожае ў штодзённым.

Фота Вольгі БАРУШКІ.

Оставьте свой комментарий