Массово-политическая газета Березовского района

Самалёты

240
Николай Синкевич,
24 июня 2017

Прыват чат з Сяргеем Саламевічам, начальнікам фінансавай службы 927 ЦПП БАК.

– Фізік або лірык?

– Хутчэй фізік, у сілу абранай прафесіі. Бо фізіка – адна з самых дакладных навук, а я кожны дзень працую з грашыма, якія, як вядома, любяць падлік і абсалютную дакладнасць у іх выкарыстанні.

– Кава або гарбата?

– Гарбата. Гэты высакародны напой заўсёды дазваляе супакоіцца, сабрацца з думкамі і паразважаць пра важныя рэчы сам-насам.

– Традыцыі або навізна?

– Традыцыі. Менавіта на іх трымаецца ўся наша гісторыя, а без гісторыі – няма будучыні, у тым ліку і навізны ў розных сферах нашага жыцця.

– Самалёты ці дзяўчаты?

– Напэўна, самае лёгкае пытанне і найбольш відавочны адказ, улічваючы вайсковую авіяцыйную частку, у якой я праходжу сваю службу. Таму адкажу радкамі з вядомай песні: «Первым делом, первым делом самолеты, ну а девушки, а девушки – потом».

– Логіка або інтуіцыя?

– Логіка, адназначна. На адной інтуіцыі далёка не заедзеш.

– Адзінота або кампанія?

– Кампанія з некалькіх блізкіх, дарагіх мне людзей.

– Рызыка ці абачлівасць?

– Абачлівасць. Я ж ваенны, а для аператыўнага рашэння баявой задачы з мінімальнай рызыкай яна асабліва неабходная.

– Канапа ці трэнажорная зала?

– Канапа. Пасля працоўнага дня яна, як ніколі, дарэчы.

– Сава або жаўрук?

– Жаўрук. Ну не магу я доўга спаць, і ўсё. Затое чым раней прачнешся, тым больш спраў паспееш зрабіць, а, значыць, чарговы дзень прайшоў не дарма.

– Футбол ці хакей?

– Хакей – мой самы любімы від спорту. Я шчыры заўзятар нашай нацыянальнай зборнай, вось толькі радаваць сваімі вынікамі яна ў апошні час зусім не хоча.

– Адпачынак на прыродзе або шумная вечарынка?

– Адпачынак на прыродзе. Лес, свежае паветра, вогнішча, рыбалка, добрая кампанія... Гэты спіс можна працягваць бясконца. Менавіта там атрымліваецца па-сапраўднаму адпачыць душой і целам.

– Вёска ці горад?

– Горад. У наш час усё самае важнае засяроджана менавіта там: сям’я, работа, сябры, вольны час і іншае.

– Кар’ерны рост або задавальненне ад працы?

– Задавальненне ад працы. Таму што вялікую частку свайго жыцця чалавек праводзіць менавіта там, а навошта ж сябе мучыць? Тым больш, я ўпэўнены, што задавальненне ад працы, у рэшце рэшт, павінна прывесці і да кар’ернага росту.

– Падрыхтоўка або імправізацыя?

– Падрыхтоўка, старанная. Цалкам упэўнены, што любую справу без падрыхтоўкі нельга зрабіць якасна на ўсе 100%. А калі не мець на ўвазе такі вынік – не варта і брацца.

– Эстэтыка ці зручнасць?

– Эстэтыка. Лічу, што дзеля яе часта можна адмовіцца і ад зручнасці, галоўнае ў меру.

Фота аўтара.

Оставьте свой комментарий