Массово-политическая газета Березовского района

Упэўненая дзяўчына

264
Николай Синкевич,
26 августа 2017

Прыват чат з Анастасіяй Філіпчук, страхавым агентам, 22 гады.

– Страхавацца ці не страхавацца?

– Безумоўна страхавацца трэба. Наша жыццё поўнае непрыемных сюрпрызаў: здараюцца пажары, крадзяжы і іншае. Таму, заключыўшы дагавор, вы будзеце адчуваць упэўненасць, а пры наступленні шкоды – яшчэ і фінансавую падтрымку. Сама я застрахаваная ад няшчасных выпадкаў, застрахаваны мой дом і маёмасць, тэлефон і ровар.

– Кава або гарбата?

– Не ўяўляю сабе добрай раніцы без кубачка любімай кавы. Больш за ўсё, вядома, падабаецца натуральная кава, прыгатаваная ў турцы на пліце са свежазмолатага зерня. П’ю яе розныя гатункі, люблю эксперыментаваць.

– Сукенка або штаны?

– Сукенка, менавіта ў гэтым уборы можна адчуць сябе сапраўднай лэдзі. Набыццё чарговай сукенкі для мяне – як бальзам ад галаўнога болю. Нейкай адной любімай сярод іх няма, бо ў кожнай адчуваю сябе па-асабліваму добра.

– Традыцыі або навізна?

– Навізна. Пакуль мы маладыя, нам трэба адкрываць новыя гарызонты. Адукацыя, набыццё новых уменняў і ведаў робяць маё жыццё цікавым. Імкнуся мяняць абстаноўку, асяроддзе, свае заняткі, ну і вядома ж, сябе.

– Быць незаўважным ці яркім?

– Імкнуся прытрымлівацца залатой сярэдзіны. У школьныя гады даводзілася выступаць перад публікай, і гэта даволі-такі нядрэнна атрымлівалася. Навык я не страціла да гэтага часу, так што ўвага грамадства мяне не бянтэжыць.

– Брыльянты або сябры?

– Сябры. Значную ролю ў маім жыцці займаюць мае сяброўкі, і хто, як не яны, дапамогуць у цяжкую хвіліну? З усіх асабліва беражліва стаўлюся да дзвюх. Мы знаёмыя з дзяцінства, ужо прайшлі праз многае, як гаворыцца, наша сяброўства праверана часам. Гэтыя дзяўчыны не толькі падзеляць са мной бяду, але і пацешацца, калі я шчаслівая.

– Логіка ці інтуіцыя?

– Інтуіцыя – вось яна мяне яшчэ не падводзіла. Сябрую з інтуіцыяй яшчэ са школы. На ўроку я звычайна прадчувала, што настаўнік спытае менавіта мяне. Гэта таксама дапамагала пры здачы экзаменаў.

– Адзінота або кампанія?

– Цяжка пераношу адзіноту, таму заўсёды выбіраю кампанію. Калі гэта лета, то любім з сябрамі на цэлыя выходныя выбрацца на лецішча ці на прыроду. У больш халодны час аддаю перавагу дому, тады можна парадаваць сябе чымсьці смачненькім і паглядзець фільм.

– Сава або жаўрук?

– Жаўрук. Прачынаюся вельмі рана, каля шостай гадзіны раніцы.

– Кот ці сабака?

– Вельмі люблю гэтых жывёл, таму дома ў мяне жывуць і кот, і сабака.

– Канапа ці спартыўная зала?

– Стараюся трымаць сябе ў форме, спрабую знаходзіць час, каб наведаць фітнес-залу. Вельмі люблю плаваць.

– Вёска ці горад?

– Для жыцця падабаецца горад, але для адпачынку – вёска.

Фото Мікалая ЛЕОНОВА.

Оставьте свой комментарий