Массово-политическая газета Березовского района

Усё-такі – белы!

207
Николай Синкевич,
08 июля 2017

Прыват чат з Алегам Галуцам, інжынерам ВУ «Бярозагаз».

– Грошы або сябры?

– Сябры, вядома. Іх не прамяняю ні на якую суму грошай. Сяброў у мяне шмат, чалавек я таварыскі і камунікабельны.

– Кава або гарбата?

– Гарбата, чорная. Я не аматар кавы, і залежнасці ў мяне ад яе няма.

– Дамасед або падарожнік?

– Падарожнік. Вандрую з турзлёту на турзлёт. На наступныя выхадныя ў складзе каманды «Аблгаза» еду на турыстычны злёт у Мінск. А ў летні адпачынак збіраюся з сям’ёй на Чорнае мора.

– Быць непрыметным або яркім?

– Яркім, бо па натуры я лідар. У цені не адседжваюся. З пераменным поспехам удаецца арганізоўваць людзей на розныя справы.

– Логіка або інтуіцыя?

– Логіка. Няма жадання штосьці пачынаць, калі не бачыш лагічнага завяршэння справы. Інтуіцыя у мяне развіта слаба, і на шанцаванне не разлічваю.

– Рызыка ці абачлівасць?

– Рызыка. Але мяжа рызыкі ў цяперашнім становішчы ў грашовым выражэнні – не больш за 100 беларускіх рублёў. Рызыкаваць на вялікую суму не дазваляе сямейнае становішча.

– Кот ці сабака?

– Кот. Хоць яго цяпер і няма, але ў хуткім часе планую завесці зноў. Аматар сабак у мяне жонка, так што таксама прыйдзецца ўзяць і сабаку.

– Валейбол або рыбалка?

– Складанае для мяне пытанне... Я перайшоў тую ўзроставую мяжу, калі ўжо пачаў аддаваць перавагу выбару для душы, таму гэта будзе рыбалка! Захапляюся рыбалкай з дзяцінства. Любімы вадаём – Сялецкае вадасховішча.
І мой найлепшы вынік на сёння – 4-кілаграмовы карп.

– Кнігі ці кіно?

– Кіно. Пажадана жывое, дынамічнае, у стылі «экшэн».

– Чорны ці белы?

– Калі браць практычнасць, то выберу чорны колер, а калі стан душы, то белы. А калі браць увогуле, то ўсё-такі... белы.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий