Массово-политическая газета Березовского района

З музыкай па жыцці

108
Николай Синкевич,
18 ноября 2017

Аксана Самута, аператар машыннага даення ААТ «Пескаўскае», 37 гадоў.

– Найвышэйшы гатунак малака або «экстра»?

– Цяпер я працую ў радзільным аддзяленні на раздою кароў, і іх малако ідзе на гадоўлю цялят. Калісьці даводзілася працаваць і на вырабе малака «экстра», і гэта больш складана, скажу я вам, чым на найвышэйшым гатунку.

– Вёска ці горад?

– Вёска. Усё жыццё ў вёсцы і ўжо прывыкла. Нават калі б выйграла ў латарэю кватэру ў Мінску, то, думаю, прадала б яе, а купіла дом у вёсцы.

– Народная музыка або рок?

– Народныя песні, я іх даўняя аматарка. Рок – увогуле не, не падабаецца. Люблю інструментальную музыку, ігру на баяне, акардэоне і г.д., сама з музычнай сям’і. А ў ансамблі «Пескаўскія весялухі» спяваю ўжо гадоў 25, яшчэ са школы.

– Сукенка або штаны?

– Усё люблю. У добрае надвор’е – сукенка, спаднічка, сарафанік. А штаны больш для працы, непагадзі або ровара.

– Традыцыі або навізна?

– Стараюся ісці ў нагу з часам.

– Быць незаўважнай або яркай?

– Не люблю асабліва выдзяляцца. Але калі неабходна для агульнай справы, то так – і ў калектыве, і на прадпрыемстве. Калі трэба «Пескаўскім весялухам», то, нягледзячы на даволі цяжкую працу, знайду час і пастараюся не падвесці.

– Брыльянты або сябры?

– Як любая жанчына, люблю ўпрыгажэнні, але сяброў люблю больш, яны дапамогуць у любую хвіліну. А сяброў у мяне шмат.

– Адзінота або кампанія?

– Кампанія, у вольны час мне падабаецца куды-небудзь паехаць, убачыць штосьці новае, павесяліцца.

– Рызыка ці абачлівасць?

– Я рызыкоўны чалавек. Вядома, у казіно не гуляю і па-буйному ніколі не рызыкавала. Але ў якую-небудзь дробязь тыпу латарэі часам рызыкну згуляць, а раптам? Прайграю, дык прайграю – на тое яна і гульня.

– Сельгаспрадпрыемства або фермерская гаспадарка?

– Фермераў у нашым наваколлі няма, жывога прыкладу не бачыла, таму нічога сказаць не магу.

– Сава або жаўрук?

– Жаўрук, спаць няма часу, ды ўжо і шматгадовая звычка. Цяпер устаю а шостай гадзіне, раней, калі дома была вялікая гаспадарка, уставала а пятай.

– Шклянка напалову пустая або напалову поўная?

– Напалову поўная. Я аптыміст з нараджэння! Аптымізм дапамагае ў жыцці, з ім лягчэй пераадольваць цяжкасці, таму аптымістам быць больш выгадна.

– Панядзелак ці пятніца?

– Для мяне няма розніцы, мне ўсе дні тыдня аднолькавыя. У мяне свой графік: два дні на працы, два дні дома, у тым вось і справа. Прывыкла, і мяне гэта задавальняе. А ў сям’і трое дзяцей – адзін сын студэнт і два школьнікі, і грошы патрэбны заўсёды, так што любой працы рада. Ды і проста люблю жывёл і сваіх гадаванцаў – маленькіх цялятачак.

Фота аўтара.

Оставьте свой комментарий