Массово-политическая газета Березовского района

Заплечнік напагатове

592
Николай Синкевич,
02 декабря 2017

Прыват чат з Аляксандрам Конюхавым, чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі, 30 гадоў.

- Дзяўчаты: разумныя ці прыгожыя?

- Разумная. Таму, што разумная дзяўчына не дазволіць сабе быць непрыгожай. Ну і трошачкі яшчэ харызмы.

- Кава або гарбата?

- Найлепш за ўсё – чыстая артэзіянская вада. А па сутнасці –і адно, і другое добра, толькі якаснае.

- Зіма або лета?

- Любая пара года адметная сваёй прыгажосцю. У кожнага чалавека з зімой ці летам звязаны свае мары або ўспаміны. Але асабіста для мяне больш практычнае лета.

- Вулічны стыль альбо дрэс-код?

- Я апранаюся па настроі, таму кожны дзень магу быць розным. Галоўнае – зручнасць і свабода выбару.

- Быць незаўважным або яркім?

- Быць яркім, несумненна, небяспечней, чым быць незаўважным. Але і жыццё яркіх людзей часта насычанае, хоць часам і кароткае. А вось “неразумныя пінгвіны”, якія ўвесь час хаваюцца, пражывуць сваё доўгае асцярожнае жыццё.

- Android ці Windows OS?

- Калі параўнаць гэтыя мабільныя платформы, то адназначна Android, бо яна гнуткая і адкрытая з мноствам афіцыйных і не вельмі дадаткаў. Але кожны выбірае для сябе сам, што яму больш патрэбна – адкрытасць або бяспека, стабільнасць або магчымасць “узяць усё ў свае рукі”.

- Дамасед або падарожнік?

- Я зусім не дамасед, але цяпер жыццё склалася так, што нямала часу даводзіцца праводзіць дома. Але пры кожнай магчымасці – заплечнік заўсёды напаготове.

- Зямля або Марс?

- Калі ў плане астраноміі, то я пас. А ўвогуле, спачатку трэба вывучыць Зямлю, а потым можна і на Марс.

– Макс Корж або Сяргей Міхалок?

– Па мне, дык Сяргей Міхалок, які прайшоў праз агонь, ваду і забарону на ўезд у любімую краіну, чым малады, які, відавочна, яшчэ не нюхаў пораху, Макс Корж з жыццёвай філасофіяй “жыць у кайф”.

– Горад ці вёска?

– Адназначна горад, прычым у самы цэнтр цывілізацыі, дзе больш магчымасцей, мабільнасці і перспектыў. Але і для душы патрэбны домік у вёсцы, а лепш хутар, і ў самой далечыні ад цывілізацыі.

– Канапа ці “трэнажорка”?

– Вядома ж, канапа павінна служыць толькі для адпачынку і набору сіл. Кожны абавязаны падтрымліваць сябе ў фізічнай форме.

– Экшэн або меладрама?

– Калі гэта меладрама з закладзеным у яе добрым сэнсам і якаснай гульнёй акцёраў, то яна мае шанец трапіць у спіс “паглядзець пазней, калі раптам будзе час”. Але перавагу аддаю навуковай фантастыцы і дакументальным фільмам.

– Лідар ці выканаўца?

– На маю думку, нельга стаць лідарам, калі не быў выканаўцам, але калі ў каго і атрымалася праскочыць гэтую стадыю, не думаю, што ён будзе добрым лідарам. Лічу сябе выканаўцам, але ўсіх планаў раскрываць не буду. Хай будзе загадка для будучых выпускаў газеты “Маяк”.

– “Гульні прастолаў” ці “Зорныя войны”?

– Не люблю фільмы, серыялы, гэта адымае шмат часу. Была спроба паглядзець “Зорныя войны”, але каб добра разумець апошнюю частку, трэба ведаць сутнасць папярэдніх, чым я пахваліцца не магу, бо не бачыў ніводной. А прагляд першай часткі завяршыўся правалам на палове фільма, па прычыне таго, што я салодка заснуў.

Мікалай СІНКЕВІЧ.

Оставьте свой комментарий