Массово-политическая газета Березовского района

Жаданне павялічыць прастору

89
Николай Синкевич,
21 октября 2017

Ігар Кузьменка, начальнік вытворчасці ТДА «Мэбля-Біс», 31 год

– Мэбля: фабрычная ці хэнд мэйд?

– Хэнд мэйд – таму што на сённяшні дзень кожны хоча бачыць у сябе дома штосьці індывідуальнае і непаўторнае, і гэта можа быць нават падабенства ручной работы.

– Фізік або лірык?

– Вядома, фізік. Мне цікава пазнаваць, распрацоўваць, асвойваць новае, звязанае з разлікамі, механікай.

– Грошы або сябры?

– Грошы – гэта добра, але сябры лепей. Выбар заўсёды будзе за сябрамі, таму што часам наступаюць цяжкія моманты ў жыцці, калі грошы проста не дапамогуць. Вось тады і прыходзяць сапраўдныя сябры, якія многае зробяць, каб уратаваць цябе. Калі ёсць сябры, то, значыць, ты не самотны.

– Кава або гарбата?

– Гарбата. Яна мае больш карысных уласцівасцяў, больш смакавых рашэнняў.

– Дамасед або падарожнік?

– Падарожнік, бо вельмі шмат хочацца спазнаць, убачыць, паспрабаваць у сваім жыцці, а дзе як не ў новых месцах нашай планеты гэта ўсё знойдзеш?

– Быць незаўважным або яркім?

– Яркім. Але быць ім не беспрычынна, таму што ты павінен не проста мець цану і штосьці ўмець, але і апраўдваць ускладзеныя на цябе надзеі.

– Логіка або інтуіцыя?

– Логіка. Інтуіцыя часта падводзіць, а пры лагічным мысленні за аснову для прыняцця рашэння бяруцца дадзеныя.

– Рызыка ці абачлівасць?

– Абачлівасць. Рызыка – гэта неразважлівасць: можа, пашанцуе, а можа і не. А разлікам можна пралічыць варыянт рызыкі, які ўсё ж існуе.

– Футбол або рыбалка?

– Рыбалка, бо прырода дапамагае хоць ненадоўга абстрагавацца, адпачыць ад той мітусні, якой мы ўсе акружаныя ў наш няпросты час.

– Чорны ці белы?

– Канешне, белы. У жыцці і так хапае змрочных дзён. Таму белы колер падхарошвае наша жыццё, надае яму аб’ём. Гэта як у архітэктуры: калі хочуць павялічыць прастору – выкарыстоўваюць белыя адценні.

– Канапа ці трэнажорная зала?

– «Трэнажорка» – гэта рух, а рух – гэта жыццё.

– Бяроза ці Мінск?

– Бяроза. Дастойны горад са сваёй інфраструктурай, чысты, ціхі, а самае важнае для моладзі – меней той мітусні і клопатаў, якія прысутнічаюць у першы час пражывання ў сталіцы.

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий