Год малой родины

БАБУЛІН ЧАЙ...

19 Февраля 2019 885 0

tea-2356764_960_720.jpg

Абадраць на гарбатны дым

Кветкі ліпы.

Нікуды, нікуды, нікуды

Больш не ўліпнуць.

А. Мініна.

Кажуць, што памяць заўсёды вяртае нас бумерангам у лепшыя моманты жыцця. Туды, дзе мы па-сапраўднаму адчувалі сябе шчаслівымі.

…Бела-зеленаваты абрус. У вышчарбленай вазе – пухната-ружовыя суквецці, якія мне і дагэтуль нагадваюць ружы, імі не кожны мог у той час пахваліцца. Ведаю зараз, што гэта была простая шыпшына, але нашто крыўдзіць трапяткую дзіцячую несвядомасць? Шчасце нельга перапісваць.

А вось і яна. Дарагі і родны мне чалавек з іскрынкамі непадкупнай радасці ў шэрых вачах. Бабулечка. Колькі велічнай дабрыні і душэўнага святла сыходзіць ад яе, такой кволай, быццам веснавы лісточак, зграбнай жанчынкі! Яе цёплыя, ледзь шурпатыя далоні мне і да гэтага часу пахнуць ліпавым цветам, з якога яна (з нагоды майго прыезду) заварыць гарбату.

Пара над кубкам, як лёгкі дымок, вытанцоўваючы бязважкімі пасмамі, уздымаецца ўверх. Быццам да сонца, да якога цягнецца ўсё жывое.

Мой погляд утрапёна чапляецца за танкастволае, але дужа разгалістае дрэўца, бачнае праз чыста вымытае аконнае шкло. Колькі разоў яно, не патрабуючы анічога ўзамен, служыла парасонам падчас спорных дожджыкаў. Дождж – гэта ж раздолле, падарунак нябёсаў. Куды нам, дзетвары, дома сядзець! Гайда вясёлку шукаць! А пад мужнай кронай ліпкі шанц убачыць сяміколерны цуд прыроды павялічваецца ажно ўдвая.

“Унучанька…” Вымаўлена бабуляй зычліва і цёпла. Пах гарбаты змешваецца ў паветры з кветачным водарам густой шыпшыны і ператвараецца ў нешта трапяткое, шчымлівае для сэрца.

Ледзь раскудлачаная сівізна яе рэдзенькіх валасоў праглядае з-пад хусцінкі.

Бабуля заўсёды носіць хусцінкі, у яе іх даволі шмат. Толькі вось калі якую новенькую прывязуць дзеці, яна не спяшаецца яе павязваць. Кладзе ў шафу, прыгаворваючы: “На лепшы дзень”.

Чаго, я думаю між тым, яе шкадаваць? Але шчасце па-трэбна шанаваць, як і іншыя простыя рэчы.

…Глыток гарачай гарбаты апякае вусны. Як і гэты ўспамін. Зараз я б пакрыла пацалункамі яе руплівыя выпрацаваныя рукі, да якіх не рашалася прыпасці раней. Відаць, таму, што яны былі жылістымі і шурпатымі навобмацак. Але шчасце нельга змерыць толькі прыгажосцю, яно павінна мець унутраны стрыжань.

Гарбата паступова астывае. Пасмачкі пары развейваюцца, бясследна знікаюць у празрыстасці паветра. Даверху напоўнены кубак. Але і халоднае пітво апякае. У шчасця ёсць свой час, працяглы ці кароткі. Хуткі як цягнік. І калі ты не паспеў сказаць важныя словы на патрэбным жыццёвым прыпынку, дагнаць яго праз год, другі можа і не выпасці.

Той жа бела-зялёны абрус. Толькі замест шыпшыны – хрызантэмы. Той жа ліпавы цвет. Але так салодка заварваць гарбату, як яна, я так і не навучылася…

Алена ПАПКО

Иллюстративное фото: pixabay.com

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599