Год малой родины

Без сцэны, у еднасці з гледачамі, альбо "Кватэрнік" у Пузях

25 Ноября 2018 3591 0

пузи заранак2.jpg

“Будзь здаровы, гаспадар, будзь здарова, гаспадыня!” – грымнуў «Заранак», народны ансамбль народнай песні Палаца культуры г. Бярозы, у хаце Кашцялянаў з вёскі Пузі, і гаспадары – Васіль Данілавіч і Марыя Мікалаеўна – ледзь стрымаліся, каб не заплакаць ад нахлынуўшых шчымліва-радасных пачуццяў. Музыка ў гэтым доме ў пашане: Васіль Данілавіч – цудоўны гарманіст і некалі сам выступаў на сцэне. Але ў гэты лістападаўскі дзень заранкаўцы спявалі не толькі для іх – на канцэрт сабралася ўся вёска. 

Клуба ў Пузях няма, таму выступленне і адбылося без падмосткаў – вялікая кухня Кашцялянаў змясціла ўсіх жадаючых, прыехалі нават з суседніх Мастыкаў. Гледачы знаходзіліся літаральна на адлегласці выцягнутай рукі ад артыстаў, і гэтыя цесныя абставіны ядналі іх сардэчным настроем. Гучалі народныя, духоўныя, аўтарскія песні, і кожная з іх суправаджалася апладысментамі і шчырымі воклікамі. Атрымалася запамінальнае для вяскоўцаў, не распешчаных культурнымі мерапрыемствамі, свята. Доўга і цёпла дзякавалі яны нязменнаму кіраўніку ансамбля Алене Іванаўне Говін і яе такім жа таленавітым выканаўцам, што не шкадуюць сіл для паездак па малых населеных пунктах раёна, далучаючы насельніцтва да мастацтва.

Што тычыцца самой сям’і Кашцялянаў, то на гэты раз яна была амаль у поўным зборы: прыехалі дзеці, унукі і праўнукі. Расказвае дачка Галіна:

Гэта значная падзея для бацькоў, якія не ўяўляюць свайго жыцця без спеваў, а тут такая ўдача! Тата з музычнай сям’і, таму сягоння яго сястра Зоя Данілаўна з Мастыкаў таксама не ўпусціла шанец быць сярод гледачоў. Памятаю, як бацька, вярнуўшыся позна з працы, не спаць спяшаўся, а гармонік хапаў. Сядзе пад яблыняй і як зацягне лірычную – душа квітнела! А працаваў цяжка – трактарыстам, камбайнерам. Разам з мамай яны пяцьдзясят пяць гадоў, жывуць дружна, пэўна, музыка збліжае, таму што і мама любіць добрую песню. Нават у бубен б’е – бацька сам змайстраваў для яе, каб падтрымлівала “ўдарнай” сілай. Нашы сустрэчы ў бацькоў ніколі не абыходзяцца без гармоніка. Нездарма тата так хваляваўся зараз, выказваючы найлепшыя пажаданні артыстам.

Проста так Кашцяляны не выпусцілі дарагіх гасцей з хаты – запрасілі на гарбату з тортам. Калі яшчэ прадставіцца такая мажлівасць – пасядзець за адным сталом з вядомымі музыкамі раёна?

Ніна КРУКОВІЧ.

На фота: «Заранак», гаспадары і госці свята.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599