Год малой родины

Любі і ведай родны свой край

04 Сентября 2019 333 0

Сигневичи малая Родина2.jpg

Бярозаўскай раённай бібліятэчнай сістэмай арганізаваны конкурс прафесійнага майстэрства “Пачатак усяму – зямля тваіх бацькоў” на лепшае краязнаўчае масавае мерапрыемства.

У яго рамках у Сігневіцкай сельскай бібліятэцы, якую ўзначальвае М.К. Давідовіч (фота 1), адбылася цікавая і змястоўная сустрэча, якая адкрыла для жыхароў сяла і чытачоў многа цікавых звестак пра гісторыю краю і яго людзей. Вядучыя свята – вучні Сігневіцкай сярэдняй школы Наталля Мужук і Мікалай Ляўчук прапанавалі здзейсніць вандроўку па роднай зямлі. Яны ўзнёсла і замілавана гаварылі пра мілыя сэрцу мясціны малой радзімы, пра тое, што яна значыць для ўсіх тых, хто тут нарадзіўся і вырас, хто шчыра працуе на палях і фермах і працягвае запаветы продкаў. А на выставе краязнаўчых матэрыялаў былі прадстаўлены кнігі, часопісы і артыкулы з раённай газеты “Маяк” па адпаведнай тэме, а таксама адмысловыя вышываныя работы і вырабы мясцовых таленавітых майстрых Надзеі Спірыдонаўны Кепцюхі, Ганны Антонаўны Кульгавені, Таццяны Аляксееўны Амялюсік і матушкі Алены.

Сігневічы ў гістарычных крыніцах упершыню згадваюцца ў 1520 годзе, таму аграгарадок знаходзіцца на шляху да свайго 500-годдзя. Тут жывуць старанныя, працавітыя людзі, якія дэманструюць усім прыклад народнай дыпламатыі, паважаючы рэлігійныя вераванні сваіх суседзяў. Праваслаўныя ў дзевяностыя гады дапамагалі католікам аднаўляць старадаўні касцёл, а тыя ў знак удзячнасці прымалі ўдзел ва ўзвядзенні царквы. Каталіцкі храм Дзевы Марыі быў пабудаваны ў стылі барока ўладальнікамі мясцовага маёнтка Юзафам і Марыяй Прозарамі ў 1795 годзе. Іх сын Караль быў бліжэйшым паплечнікам Тадэвуша Касцюшкі і ўдзельнікам паўстання. А царква Святой Марыі Магдаліны стала сапраўдным аздабненнем аграгарадка. Яе настаяцель іерэй Алексій Асіпчук (фота 2) падрабязна расказаў удзельнікам сустрэчы аб тым, як вялося будаўніцтва новага храма. А сярод прыхаджан найперш адзначыў ролю Марыі Ігнацьеўны Чарапёнкавай – ветэрана педагагічнай працы, першай настаўніцы многіх ураджэнцаў вёскі і суседніх паселішчаў. Прагучалі напісаныя ёю вершы на духоўныя тэмы, таксама ўспомнілі імя вядомага маравільскага паэта Мікалая Кацэні, які так хораша ў сваіх лірычных творах ухваляе прыгажосць мясцовых краявідаў, бо кожны яго верш пранікнуты вялікай любоўю да тых мясцін, дзе прайшло дзяцінства. Загадчыца бібліятэкі М.К. Давідовіч зачытала вершы юных паэтаў, вучняў Сігневіцкай сярэдняй школы Ксеніі Шаўчэнкі і Паўла Юркевіча – пераможцаў раённага конкурсу “Залатое пёрка – 2019”, надрукаваныя ў чарговым выпуску літаратурнай старонкі “Крыніца”. Марыя Казіміраўна назвала і публіцыстычныя матэрыялы раённай газеты “Маяк”, у якіх апавядаецца пра вядомых жыхароў Сігневіч.

Сигневичи малая Родина.jpg

Старшыня Сігневіцкага сельвыканкама Алена Станіславаўна Луцкевіч расказала аб сённяшнім стане аграгарадка і яго перспектывах. Зараз тут пражывае 290 чалавек і налічваецца 136 гаспадарак. Акрамя сельскага Савета і бібліятэкі, працуюць магазін, аддзяленні паштовай сувязі і ашчаднага банка. Ёсць маладыя сем’і, якія плануюць пабудаваць тут дамы. А астатняе залежыць ад саміх жыхароў.

У цэнтры вёскі ўстаноўлены помнік 46 мясцовым жыхарам, якія загінулі ў час Вялікай Айчыннай вайны. А падчас прэзентацыі праекта да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў “Героическую землю наследую” былі названы імёны ўдзельнікаў вайны В.Р. Кашталяна, А.М. Крука, Ф.М. Кульневіча, В.М. Аполька і іншых. Прыведзены былі таксама ўспаміны Марыі Іванаўны Шакаліды аб першым дні вайны.

А на сцяне бібліятэкі ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў гонар партызанскай брыгады “За Радзіму” імя Флягонтава, якая разграміла некалькі паліцэйскіх пунктаў.

На сустрэчу былі запрошаны настаўніца гісторыі СШ №2 г. Бярозы Алена Анатольеўна Чыбук і загадчык аддзела сацыяльных праблем рэдакцыі раённай газеты “Маяк” Разалія Станіславаўна Карпеш, якія нарадзіліся і выраслі ў Сігневічах. Яны выказалі свае пачуцці да роднага куточка зямлі і яго людзей, да мясцовых настаўнікаў, якія далі ім важкі падмурак ведаў, а таксама паведамілі многа цікавых звестак пра славутую гісторыю вёскі. Свае думкі аб рабоце бібліятэкі і ролі кнігі выказала вучаніца Марыя Мароз. Дарэчы, гэта сельская ўстанова вельмі запатрабавана, чытачы розных узростаў часта наведваюць яе, каб узяць новыя кнігі, пагартаць перыядычныя выданні, абмяняцца думкамі. Загадчыца бібліятэкі М.К. Давідовіч арганізоўвае цікавыя мерапрыемствы і сустрэчы, у час вучэбнага працэсу кожную пятніцу прымае ўдзел у класных гадзінах у мясцовай школе, заахвочваючы дзяцей любіць і шанаваць кнігу.

Стараста аграгарадка, ветэран педагогікі Валянціна Андрэеўна Чыж выказала словы сардэчнай падзякі арганізатарам і гасцям краязнаўчага мерапрыемства і праспявала песню аб тым, што дзе б ні знаходзіўся чалавек, ён павінен памятаць і шанаваць тую мясціну, свой бярозавы край, дзе ён з’явіўся на свет і адкуль пакрочыў у шырокі шлях.  

Дзякуй табе, Радзіма!

Зоя ВАЙНІЛОВІЧ.

Фота Сяргея БАБРОВА.


Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599