Год малой родины

Тут пачатак…

04 Сентября 2019 2948 0

стригинь.jpg

Стрыгінская сельская бібліятэка сабрала багаты краязнаўчы матэрыял па гісторыі краю. З яго выкарыстаннем праводзіцца шмат мерапрыемстваў. Адно з іх – гэта тэатралізаванае краязнаўчае падарожжа ў гісторыю аграгарадка Стрыгінь “Тут Радзімы маёй пачатак”.

Родная вёска… Якая яна? Самая прыгожая, самая гасцінная, самая ветлая, самая светлая. Менавіта тут самае высокае неба і самыя духмяныя кветкі, самы звонкі птушыны спеў і самыя зялёныя сенажаці, самая блакітная рэчка…

Родная вёска – гэта твой дом, твае карані, матуліна песня. Гэта шчырыя і спагадлівыя людзі. У кожнага чалавека ёсць свой родны кут, дзе нарадзіўся, вырас. Ёсць зямля, якая ўзгадавала, ёсць калодзеж, вада з якога найсмачнейшая ў свеце. І менавіта сюды імкнецца стомленая рознымі нягодамі душа. Бо тут заўсёды светла і добра, ёсць вера і надзея, падтрымка і дапамога… Праз гады не патухне для нас агеньчык роднай вёскі і бацькоўскай хаты… Для ўсіх стрыгінцаў вёска Стрыгінь – куточак, дзе ўсё дорага. Шматвяковую гісторыю вёскі вязе доўгі воз падзей: трагічных і ўрачыстых, журботных і вясёлых. За год шмат прыгод, а на вяку іх без пераліку.

Выяўленае ў ваколіцах вёскі археалагічнае селішча сведчыць аб засяленні тутэйшых мясцін з далёкай старажытнасці.

“Урокі мінулага – компас будучыні”, – сцвярджае прымаўка. А без ведання гісторыі маленькай радзімы немагчыма веданне гісторыі краіны, у якой жывеш.

Доўгія гады Стрыгінская сельская бібліятэка збірала матэрыял па гісторыі вёсак Стрыгінскага сельсавета. Як вынік, стварэнне летапісу гісторыі краю. Напрацаваны вялікі матэрыял па гісторыі сельскага Савета, калгаса, бібліятэкі, школы. Сабрана звыш 200 экспанатаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной.

Вялікай увагі заслугоўваюць людзі нашай вёскі. Запісана звыш пяцідзесяці ўспамінаў калгаснікаў, старажылаў вёскі, удзельнікаў Вялікай Айчыннай і Афганскай войнаў.

У гэтым годзе бібліятэка прыняла ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры” і заняла трэцяе месца ў намінацыі “За пошукавую і даследчую працу”.

Падчас мерапрыемства “Тут Радзімы маёй пачатак” бібліятэка пазнаёміла аднавяскоўцаў з цікавымі падзеямі, якія адбываліся ў вёсцы. У зале была аформлена кніжная выстава “Зямля твая і мая”, выстава дзіцячых малюнкаў “Мая малая радзіма”.

З замілаваннем, любоўю і шчырасцю распавядаюць мясцовыя жыхары пра паходжанне назваў нашых вёсак. На гэтым мерапрыемстве прагучалі легенды па тэме “Адкуль імя ў вёскі?”, запісаныя са слоў Ульяны Васільеўны Папко, Агаф’і Васільеўны Мшар, Анастасіі Пятроўны Крагель.

Вядомая ў раёне паэтка Алена Усцілоўская зачытала на вечарыне свой верш, прысвечаны Стрыгіні.

Падарожжа суправаджалася электроннай прэзентацыяй, дзе дэманстраваліся шматлікія фотаздымкі з фонду бібліятэкі. Сярод іх – фота першых старшынь сельскагаспадарчых арцелей, фота пашпарта Марка Сцяпанавіча Мшара, які выдадзены польскімі ўладамі 29 мая 1933 года,і іншыя.

Пры Стрыгінскім доме культуры працуе народны клуб аматараў фальклору “Суседкі”. Сцэнічнае адзенне жанчын захавала стыль народных касцюмаў былога стагоддзя. Калектыў выканаў беларускую народную песню і станцаваў народны танец “Млын”. Дзіцячы клуб аматараў фальклору “Крынічка” дапоўніў выступленне “Суседак” танцам “Кракавяк”. Стварыла групу мастацкі кіраўнік Алена Канстанцінаўна Манюк.

Зараз у вёсцы цешаць вока прыгожыя будынкі – ашаляваныя, цагляныя, пафарбаваныя, але ёсць яшчэ і старасвецкія хаты. Якой мэбляй, якім посудам і якімі прыладамі карысталіся нашы дзяды і прадзеды, расказала Марына Бобель каля выставы рэчаў гаспадарчага і хатняга ўжытку “Такія розныя, а ў хаце родныя”.

Пойма ракі Ясельды ўздоўж нашай вёскі ўваходзіць у рэспубліканскі біялагічны заказнік “Спораўскі”, які быў створаны 15 жніўня 1991 года, каб захаваць рэдкія віды раслін, птушак, рэптылій. У лістападзе 1999 года згодна з Канвенцыяй па захаванні водна-балотных угоддзяў тэрыторыя заказніка першай у Беларусі атрымала статут Рамсарскай. Заказнік прапаноўвае розныя маршруты, якія знаёмяць турыстаў з унікальнай прыродай, гісторыка-культурнай і этнаграфічнай спадчынай. А пазнаёміла з імі ўдзельнікаў падарожжа настаўніца Стрыгінскай школы Таццяна Яўгенаўна Крагель.

Што яшчэ мы ведаем пра гісторыю сваёй вёскі? Вось некаторыя цікавыя звесткі, якія гучалі на вечарыне.

…У 1817 годзе была пабудавана царква як могілкавая капліца вёскі Стрыгінь. У савецкі час яна не дзейнічала. У 1990 годзе будынак капліцы капітальна рамантуецца і асвячаецца як праваслаўны прыходскі храм у гонар апостала Іаана Багаслова прыхода вёскі Стрыгінь. Свята-Іаана-Багаслоўская царква ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь як помнік народнага драўлянага дойлідства ХІХ ст. Настаяцель – протаіерэй Мікалай Іванавіч Шустаў.

Цікавасць прадстаўляе жывапіс, які захоўваецца ў храме. Найбольшую каштоўнасць уяўляюць іконы Маці Божай, Апостала з жэзлам і Евангеліста Іаана. Надпіс на адваротным баку аднаго з абразоў сведчыць, што яны напісаны на сродкі Цаткоўскага мастаком Бойка ў 1805 годзе.

…1897 год – канец XIX стагоддзя: паводле перапісу, у вёсцы 145 двароў, 943 жыхары. Ёсць хлебазапасны магазін, царкоўнапрыходская школа граматы, кузня, 2 ветраныя млыны. Адзін з іх стаяў у пачатку вёскі Совіна і належаў Рыгору Рудзю. Другі млын размяшчаўся па вуліцы Наўской, паміж сядзібамі Антаніны Пятроўны Ляўчук і Васіля Максімавіча Бобеля, будаваў яго Ігнат Іванавіч Крук (1902–1974 гг.). Млыны стаялі да 1974 года.

…22 чэрвеня… Першы дзень, горкі дзень вайны... і подзвіг мужных абаронцаў Брэсцкай крэпасці, сярод якіх былі і нашы аднавяскоўцы: Іосіф Васільевіч Пунько, Іван Якаўлевіч Панасюк, Юсцін Вікенцьевіч Панасюк і Пётр Міхайлавіч Філюта.

…Ілля Ільіч Грынкевіч (1924–2004 гг.). З 26 сакавіка 1943-га па 20 кастрычніка 1944-га – камандзір аддзялення партызанскага атрада імя Чапаева.

…Мікалай Паўлавіч Даміно (1923–2002 гг.) – кулямётчык №1 172-га стралковага палка, прайшоў з баямі ўсю Польшчу, Германію. У канцы вайны ад пэўнай смерці яго выратаваў аднавясковец Якаў Якаўлевіч Даміно.

Кожны чалавек павінен ганарыцца той мясцінай, дзе нарадзіўся і жыве, любіць і ведаць свой родны куточак. Вельмі хочацца, каб усе мае аднавяскоўцы і вы, паважаныя чытачы, у сваіх сэрцах назаўсёды захавалі павагу і любоў да роднай зямлі, якая вас гадуе, стварае ўсе ўмовы для шчаслівай будучыні.

Святлана ПУНЬКО, бібліятэкар Стрыгінскай сельскай бібліятэкі.


Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599