Массово-политическая газета Березовского района

Квітней, родны горад, і ў шчасці жыві!

254
Розалия Карпеш,
18 июля 2017

Урачыста і велічна, годна і дастойна прайшло ў Бярозе святкаванне 540-годдзя горада. Тысячы людзей прішлі, каб прыняць удзел у свяце, парадавацца дасягненням, адпачыць, павесяліцца і стаць членамі дружнай сям'і пад назвай Бярозаўшчына.

Вялікай святочнай пляцоўкай стала цэнтральная вуліца, шэсце па якой узначалілі мажарэткі. Затым былі ўзноўлены гістарычныя старонкі мястэчка, якое здаўна было вядома сваімі кірмашамі і працавітымі майстрамі. Кабеты ў нацыянальных строях неслі ў руках снапы і рушнікі як сімвал багацця і шчасця нашай зямлі. Вядучыя працоўныя калектывы раёна пастараліся паказаць тое, чым яны адметныя і якія маюць дасягненні. Жыхары і госці Бярозы стаялі абапал вуліцы Леніна і радасна віталі ўсіх, хто крочыў у святочнай калоне. З замілаваннем усе сустрэлі калектыў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, наперадзе якога шпацыравалі маладыя сем’і з дзеткамі ў калясках. Сапраўдным сюрпрызам сталі юныя дактары, якія крочылі наперадзе калоны медыцынскіх кадраў. Пацешылі народ роставыя лялькі – белы і буры мядзведзі разам з Машай ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат”. Прадпрыемства здзівіла таксама вялізнымі банкамі кансерваў і палкамі каўбас. Бярозаўскае райспажыўтаварыства вывезла на калёсах агромністы каравай – пяціярусны, вагою 80 кілаграмаў, упрыгожаны кветкамі, лісточкамі і пер’ямі, спечаны майстрамі ПУП “Бярозаўскі камбінат кааператыўнай прамысловасці”. Бярозаўская ЖКГ уразіла сваёй фундаментальнай выставай з сапраўднай копіяй галоўнага фантана горада, а з трубы кацельнай, што ехала па вуліцы, нават ішоў дым.  Людзі былі ўражаны магутнасцю сельскагаспадарчай тэхнікі, адмысловаму афармленню святочных калон, у якіх крочылі працаўнікі прамысловых прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі, будаўнікі і спартсмены.

Са святочнай сцэны да шматлікіх гасцей звярнуліся першыя ўладальнікі Бярозы Ян і Барбара Гамшэі. Сардэчна прывітаў усіх прысутных старшыня Бярозаўскага райвыканкама Л.А. Мартынюк. Леанід Аляксеевіч адзначыў, што бярозаўская зямля радуе і здзіўляе ўсіх сваёй прыгажосцю, мае багатую гісторыю і шмат дасягненняў. Кіраўнік раёна выказаў шчырую падзяку ўсім, хто прысвяціў сваю працу, талент, энергію і майстэрства дзеля росквіту краю. Асабліва прыемна, што на юбілей Бярозы прыехалі паважаныя і шаноўныя госці. Сярод іх памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці В.М. Герасімаў, генеральны консул Расійскай Федэрацыі ў г. Брэсце І.Ю. Канякін, генеральны консул Украіны ў  г. Брэсце А.Н. Дзідзенка і генеральны консул Рэспублікі Польшча ў г. Брэсце Пётр Казакевіч. Кіраўнік спраў Брэсцкага аблвыканкама Ю.І. Наркевіч зачытаў прывітанне старшыні аблвыканкама А.В. Ліса і адзначыў, што Бяроза – гэта сапраўдны еўрапейскі горад, які ўносіць вялікі ўклад у эканоміку Беларусі, а выпускаемая тут прадукцыя вядомая далёка за яе межамі.

Падчас свята асобай пашаны былі ўдастоены знакамітыя ўраджэнцы Бярозаўшчыны, якім прысвоена званне “Ганаровы  грамадзянін Бярозаўскага раёна”. Гэта акадэмік, доктар тэхнічных навук П.А. Віцязь, ветэран працы, трактарыст-машыніст філіяла “Прамень” сыркамбіната І.П. Вышынскі, ганаровы старшыня абласной арганізацыі аб’яднання ветэранаў С.Ф. Амялюсік і ўдзельніца Алімпійскіх гульняў Алена Амялюсік. Сцяпан Філіпавіч выказаў словы падзякі за такое прызнанне, адзначыўшы, што гэта самая вялікая яго ўзнагарода і няма большага шчасця, чым разуменне, што ты штосьці добрае зрабіў для роднай зямлі.Прыемна было і за тых працаўнікоў, хто сваё жыццё прысвяціў сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна і за значны ўклад быў узнагароджаны Граматамі Бярозаўскага райвыканкама.

Названа было і імя старэйшай жыхаркі г. Бярозы Г.Г. Собалевай, якая ў лютым адзначыла сваё 100-годдзе.  Вялікую цікавасць у моладзі выклікаў відэаконкурс, прысвечаны юбілею горада.  Яго пераможцы  ў шасці намінацыях атрымалі заслужаныя ўзнагароды.

Нарэшце спраўдзілася мара бяразаўчан, і мы пачулі опернага спевака Паўла Янкоўскага, які выканаў арыю Тарэадора з оперы Бізэ “Кармэн”.  Ураджэнец г. Бярозы, нягледзячы на вялікую занятасць, а ён саліст Навасібірскага опернага тэатра і Марыінскага тэатра  ў г. Санкт-Пецярбургу, прыехаў і парадаваў землякоў сваім талентам.

А затым сцэнай завалодалі найлепшыя самадзейныя калектывы і салісты раёна.

Яшчэ адной значнай падзеяй стала Рэспубліканская грамадска-патрыятычная акцыя Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі “Мы – разам!” Старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў А.А. Мурашкін уручыў медалі ФПБ “110 год прафсаюзнаму руху” старшыні Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў М.Р. Чыжу і старшыні прафкама Бярозаўскай ДРЭС Л.А. Халецкай.  Культарганізатар прадпрыемства “Бярозаўская ЖКГ” Т.М. Юрковіч і намеснік дырэктара Палаца культуры г. Бярозы Т.У. Чарныш атрымалі падзякі ФПБ.  Затым былі ўзнагароджаны лепшыя калектывы за развіццё сацыяльнага партнёрства, сямейныя дынастыі, ветэраны працы і маладыя працаўнікі.

На свяце выступілі зоркі беларускай эстрады Ірына Дарафеева і Аляксей Хлястоў, кампазітар Эдуард Ханок і пераможцы конкурсу “Новыя імёны Беларусі-2017”.

У Цэнтральным парку адбылося адкрыццё алеі драўляных скульптур, зробленых вядомымі рэзчыкамі па дрэве падчас пленэру. У гэтых фігурах паўстае сама славутая гісторыя Бярозы: выявы старца, які па легендзе даў назву нашай мясцовасці; першых яе ўладальнікаў Яна і Барбары Гамшэяў; зборны вобраз паэта і пісьменніка, бо так многа талентаў нарадзіла наша зямля. А яшчэ пара, якая танцуе “Спораўскую польку”, што прызнана сімвалам культурнай каштоўнасці Беларусі. Дастойным упрыгожаннем свята стаў і памятны знак “Шчэпавая птушка-абярэг”, права яго адкрыцця было дадзена старшыні Бярозаўскага райвыканкама Л.А. Мартынюку і кіраўніку спраў Брэсцкага аблвыканкама Ю.І. Наркевічу. Здаўна такая птушачка лічылася абярэгам сям’і, і Леанід Аляксеевіч шчыра павіншаваў з днём уступлення ў шлюб Любоў і Віктара Кулінічаў, уручыў ім кветкі. Жаніх з нявестай першымі сфатаграфаваліся каля сімвала шчасця і дабрабыту.

А свята працягвалася: гудзелі гандлёвыя рады, прыцягвалі асаблівым сялянскім каларытам падворкі сельскіх Саветаў “Вясковы гасцінец”, працавалі шматлікія выставы, і адусюль гучалі песні. Натхнёна працавалі мастакі, чыталі свае вершы паэты, здзіўлялі адмысловасцю вырабаў народныя майстры. Людзі былі ў захапленні ад парашутыстаў і шоу барабаншчыкаў, файер-шоу і салюта, рэкламных праектаў.  “Вясёлую вітамінапрафілактыку” арганізавалі работнікі фармацыі, гэта вельмі парадавала дзяцей, якія атрымалі шмат прызоў. Была таксама дэгустацыя прадукцыі “Экзон” і беларускага фітачаю. У гонар свята аптэка №18 зрабіла скідкі на айчынныя лекі.

Вялікі дзякуй усім, хто прыклаў свае намаганні, каб людзі годна адзначылі юбілей Бярозы і надоўга яго запомнілі. Асаблівай падзякі заслугоўваюць ААТ “Бярозабудматэрыялы” і прадпрыемства “Бярозаўская ЖКГ”, якія падарылі гораду новыя аўтобусныя павільёны на вуліцах Камсамольскай і Леніна.

Хай спраўдзяцца ў лёсе кожнага жыхара і ўраджэнца Бярозаўшчыны ўсе тыя пажаданні, якія цэлы дзень гучалі ў адрас нашых працавітых, здольных, старанных і таленавітых людзей!

Фота Сцяпана ЦЮШКЕВІЧА.

Оставьте свой комментарий