Ритмы Берёзовщины

Зазірнуць у твар продку...

16 Декабря 2018 1184 0

Пришелец.jpg

Праз дзесяць гадоў археалагічная знаходка 2008 года ў вёсцы Лукомер вярнулася ў Бярозу новым артэфактам экспазіцыйнай залы гісторыка-краязнаўчага музея перыяду гісторыі бярозаўскіх земель ад першабытнага ладу да пачатку XVII стагоддзя.

Вучоны-антраполаг і скульптар, аднавіўшы абрыс чалавека па касцяных астанках, далі жыхарам нашага краю ўнікальную магчымасць “зазірнуць у твар” свайму продку. Асаблівая каштоўнасць гэтага набыцця яшчэ і ў тым, што менавіта такі скульптурны бюст упершыню “пасяліўся” ў музейнай прасторы нашага райцэнтра.

Перадгісторыя значнай падзеі такая: падчас правядзення земляных работ пад камунікацыі для жылых дамоў у вёсцы Лукомер будаўнікі дасталі з зямлі астанкі трох чалавек і старажытныя манеты. Пра знаходку паведамілі сталічным навукоўцам, і літаральна на наступны дзень у вёску прыехаў старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі і сярэдневяковага перыяду Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь Алег Іаў. Вучоны лёгка ўстанавіў прыблізны ўзрост адной са знаходак – чэрапа – і правёў папярэдняе датаванне пахавання, згодна з якім гэта быў вясковы магільнік другой паловы XVII – канца XVIII стагоддзя. Старажытнасць пахавання адзначае і мясцовы краязнавец Аляксандр Кенда, калі піша, што пры вывучэнні тапаграфічных карт Лукомерскай зоны 1850–1931 гг., магільніка яны не паказваюць, што сцвярджае яго старажытнасць. Не памятаюць пра гэта і старажылы вёскі.

Знойдзены артэфакт нейкі час захоўваўся ў Бярозаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі, а затым быў перададзены ў аддзел антрапалогіі Інстытута гісторыі. Аднаўленнем твару нашага продка па чэрапе займаўся вопытны спецыяліст па пластычнай рэканструкцыі – беларускі скульптар Л.П. Яшэнка. Ён сумесна з беларускім этнолагам і антраполагам І.В. Чаквіным па чарапах з археалагічных раскопак пахаванняў на аснове метаду савецкага вучонага М.М. Герасімава стварыў цэлую галерэю скульптурных партрэтаў прадстаўнікоў старажытнага насельніцтва Беларусі – чалавека эпохі бронзы, па томкаў усходнеславянскіх плямён ранняга сярэдневякоўя – крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў, а таксама жыхароў пазнейшага часу гарадоў Навагрудка, Полацка, Слоніма. У арсенале антраполагаў сёння вялізны банк даных з формуламі і табліцамі, каб рэканструяваць кожны мускул.

Створаныя Л.П. Яшэнка скульптурныя партрэты людзей, якія жылі ў розныя гістарычныя эпохі на тэрыторыі Беларусі, экспануюцца ва многіх дзяржаўных музеях рэспублікі і за яе межамі. Сёння гэтую калекцыю работ папоўніў скульптурны бюст нашага вельмі прыгожага “земляка” – жыхара вёскі Лукомер Малецкай воласці Пружанскага павета канца XVIII – пачатку XIX стагоддзя. Шкада, што ён стаў апошнім тварэннем скульптара, які пайшоў з жыцця ў верасні гэтага года.

Якім убачыў аўтар антрапалагічнай рэканструкцыі нашага продка часоў Вялікага княства Літоўскага? На нас глядзіць селянін узросту 50-55 гадоў са спакойным тварам, маршчыністым ілбом, з глыбокімі скронямі. Упрыгожваюць партрэт вусы і хвалістыя валасы. Ледзь прыметныя далікатныя рысы твару могуць сведчыць аб яго прафесійным занятку: чалавек мог быць настаўнікам альбо ўрачом. Такі тыпаж мужчыны-беларуса можна сустрэць і сёння сярод сучаснікаў.

З прышэльцам з мінулага, які з’явіўся да нас амаль праз тры стагоддзі, з часам, у якім ён жыў, цікава і з вялікай доляй гістарычнай верагоднасці пазнаёмяць наведвальнікаў навуковыя супрацоўнікі Бярозаўскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Ала ДРАГАН, г. Бяроза.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
CAPTCHA