Массово-политическая газета Березовского района

Ах, дзеці, дзеці…

203
Опубликовано,
01 ноября 2017

Адзінокая старасць

Савета не раз углядалася ў акно, мо, хоць сёння хто-небудзь з дзяцей з’явіцца? Калі малодшая Валя была на працы, зяць прывёз сюды, сказаўшы, што тут старую падлечаць. Колькі месяцаў з таго часу прайшло, а ніхто да яе не едзе. Нялёгка Савеце на 88-м годзе жыцця тут, а не дома. І замільгалі гады ва ўспамінах, якія зліліся ў адзін бясконцы дзень. У 23 гады абвянчалася Савета, так звалі Елісавету Восіпаўну ў вёсцы, з Фядосам. У згодзе і ў працы пражылі ўсё жыццё. Пабудаваліся, выгадавалі шасцёра дзяцей, вывелі іх у людзі.                    

Слёзы засцілі вочы, Савета ражком хусткі выцерла іх і глыбока ўздыхнула. Нібы птушкі, разляцеліся дзеці. Марыя пасля інстытута працавала аграномам, Оля настаўнічала, Алёша, адзіны сын, у Адэсе ля цёплага мора. Сабрацца б усім, як раней. Тады дзеці хадзілі ў школу, хата поўнілася галасамі і радасным смехам. Што цяпер? Ва ўсіх іх часу не хапае: праца, у кожнага сям’я, ды і дарога – не блізкі свет. А Фядоса ўжо 22 гады няма.

Ох, дзеці, дзеці! Пасталелі, ужо сваіх унукаў маюць. Каму цяпер старая маці патрэбна? Якая дапамога ад яе? Праз акно Савета бачыла маладую зеляніну лесу. Надыдзе час, і ападзе лістота. Ніхто ўвагі звяртаць не будзе на яе завялую прыгажосць, шамаценне пад нагамі. Смецце. Хоць бы каго з дзяцей убачыць… Сухою рукою Савета прыкрыла вусны, на твары і ў постаці скруха і адзінота.

…Вера аж у Маскве. Як прыедзе, калі яна інжынер на вялікім заводзе і адказная за ахову працы людзей? Вярнулася з Парыжа, да дачкі Юлькі ездзіла. Гэта ж наша з Фядосам унучка – балерына ў “Мулен Руж”! Першая пасля прымы-балерыны, а скажы каму – не павераць. Няма з кім парадавацца за дзяцей і ўнукаў, няма каму і боль выказаць. Цісне сэрца. А мо, душа баліць? Праляцелі гады, вярнуць бы іх.

Бязгучна варушыліся вусны, Савета ўспамінала маладосць, сябровак, суседзяў. Як бы ты далёка ні знаходзіўся, а карані цягнуць назад. І душа не збавілася ад нудоты і суму па дарагіх сэрцу мясцінах. Заканчваўся яшчэ адзін дзень чакання.

Той жа восенню, так і не дачакаўшыся родных, Савета памерла ў доме для састарэлых.

Удзячнасць матулі

Узгадаўся выпадак з дзяцінства. Асеннім вечарам з мамай, якая працавала даяркай у калгасе, вярталіся з фермы. Дождж сцёбаў па твары, халодны кастрычніцкі вецер пранізваў, як кажуць, да касцей. Ішлі звыклай сцежкай паўз хаціну Юлі. Праз маленькае акенца над самай зямлёй мільгацела святло ад газавай лямпы. З усхліпваннем плакала дзіця. Унутры жытла агеньчык газнічкі выхапіў нам непрыбраны невялічкі стол з дошак і ложак з рыззём. На ім сядзела хлапчанё гадоў васьмі. Убачыўшы людзей, перастала плакаць. Калацілася ці то ад страху, ці то ад холаду. Маму яго ўсе ведалі як бесталковую жанчыну. Невысокая, непрывабная, сляпая на левае вока Юля хадзіла па вёсцы, прыпадаючы на нагу. На той час вяскоўцы нават яе імем не называлі нованароджаных дзяўчынак. Каб не прапала небарака, людзі дапамагалі чым маглі. 

Хлопчык згадзіўся пайсці з намі. Павесялеў, гаваркім стаў. Мурзатага Жэньку, так звалі яго, абмылі, накармілі, спаць паклалі. “То мо, Жэнька, я мамай тваёй буду?” – спытала мая матуля. У адказ пачула рашучае: “Мая мама лепшая!”

Жэнька і яго старэйшы брат Коля выраслі ў дзіцячым доме, знайшлі дарогу ў жыцці. На вясковых могілках на магіле Юлі стаіць помнік ад удзячных сыноў маці, якая дала ім жыццё. На ўдалым фотаздымку – прывабная вясёлая жанчына. Нават з цяжкасцю распазнаеш Юлю, якую яшчэ памятаюць у вёсцы.

Валянціна ДАБРЫНІНА, г. Брэст.

Оставьте свой комментарий