Страницы истории

Сакрэт вёскі Гуцы, альбо Што рабілі на Бярозаўшчыне ў XIX стагоддзі польска-нямецкія экспаты?

27 Октября 2019 536 0

гуцы.jpg

Шукаў матэрыялы, звязаныя з населенымі пунктамі Лазова, Асавецкія і Палонны Груд. Сучасніку назва гэтых вёсак і ваколіц ужо амаль нічога не гаворыць. Зніклі яны. Ды і пры іхняй, нашых сучаснікаў, памяці ўжо колькі іх адышло ў нябыт: Ваўкатэча, Зарадахач, Пабяжыно, Рыбнікі, Каты, Дэцы, Касілавічы… У час пошукаў неспадзявана сустрэў абсалютна незнаёмую назву вёскі. Яна адразу кінулася ў вочы, бо ў гэтым пытанні для мяне сакрэтаў амаль няма. Бывае, што нават старэйшыя аднавяскоўцы губляюцца, пачуўшы, напрыклад, назву Леснічоўка, але калі растлумачыш, што непадалёк Ясельды каля Падрэчча быў калісьці невялічкі тартак і там пражывалі людзі, якія яго абслугоўвалі, то ўсё становіцца зразумелым. Першая сусветная вайна, тартак спалены і больш не адноўлены. А людзі? Людзі растварыліся і ў прасторы, і ў часе. Як і тыя, што абслугоўвалі мала каму вядомы Сялецкі завод па памоле касцей. Ды часцяком гэта былі нашы аднавяскоўцы, ніякіх аднаасобных населеных пунктаў пры гэтым не стваралася.

Што ж за вёску сустрэў у кнігах Сялецкага касцёла, якая адразу кінулася ў вочы? Назва яе Гуцы (адзін раз напісана Гуты, але толькі адзін). Чым жа адметная яна была, што выклікала цікаўнасць і імкненне разабрацца? Адзначу, што, акрамя касцельных кніг, такая вёска нідзе больш не ўпамінаецца. І тлумачэнне гэтаму ёсць. Населеная яна была поўнасцю толькі шляхтай, гэта абавязкова падкрэсліваецца, зразумела, што прыхільнікамі каталіцкага касцёла. Самае істотнае – прозвішчы іх зусім не распаўсюджаныя сярод жыхароў нашай мясцовасці.

Юзаф Хмылеўскі і сям’я Бартніцкіх мяне не здзівілі, маглі ж пісары-ксяндзы і памыліцца, хаця таму не веру, блізкія да іх Бартноўскія і Хмялеўскія ў нас сустракаюцца. Даманскія, Ліпінскія, Ярашы, Мараўскія і Свінарскія – нешта і сёння можна пачуць, нават у нашым раёне, але на самай справе гэта вялікая рэдкасць. Антон Пржылуцкі, пані Дваржыцкая – і адкуль яны? Яшчэ больш нас здзівяць Юзаф і Бальбіна Стомік, Бенядзікт Ромік і Ян Конкел.

Першыя чатыры запісы, якія я зрабіў па матэрыялах 1857 года, датычыліся нараджэння дзяцей у сем’ях Бенедыкта Шылера і Тэафілы Мапр (кум Эрымей Траўбван), Мікалая і Юаны Барысоўскай Чарнецкіх (кум Караль Брыкнер), Вацлава Мараўскага і Францішкі з дому Рынкаў, Паўла Швера і Магдалены Рабалеўскай (кум Фрыдрых Швер (“цяжкі”– з нямецкай мовы)). Завершым надзвычай цікавымі матэрыяламі. У прускіх падданых Эрнэста і Разаліі (народжанай Рорбах) Гудэманраў шостага кастрычніка 1861 года нарадзіўся сын Эмунаіл Оскар (кум Оскар Барч). У таго ж кума і яго жонкі Юаны з Рохліцаў роўна праз два месяцы нарадзілася дачка Юана Марыя Лаура, сярод кумаў упамянём найперш Густава Бендта. Сярод тых, хто прымаў на сябе абавязкі хросных бацькоў, сустракаліся і звычныя нашаму вуху прозвішчы: Кацярына і Сцяпан Голуб, Марыяна і Адольф Здановіч, Казімір Яроцкі.

На аснове дадзеных матэрыялаў можна скласці наступны малюнак. У той вёсцы Гуцы пражывала каля трыццаці сямей, пераважна гэта былі людзі маладога і сярэдняга ўзросту. Аб гэтым сведчыць тое, што яны фіксуюцца сярод тых, хто бывае ў касцёле з нагоды нараджэння дзяцей. Толькі хрышчэннi, ніякіх вянчанняў маладажонаў і адпяванняў памерлых (выключэнне – смерць аднагадовага сына Яна ў сям’і Юзафа Стоміка) сярод гуцаўцаў ніколі не было.

З якой нагоды, наколькі і куды лёс закінуў пералічаных людзей?

І куды яны зніклі? Нагадвае гэта абставіны нядаўняй меліярацыі, калі на год ці два патрабаваліся будаўнікі, а пасля з’язджалі на новае месца і там засноўвалі такі ж часовы лагер-табар. Але нешта аналагічнае ўявіць у пачатку другой паловы ХІХ стагоддзя? Цяжка.

Усе спробы знайсці на картах рознага кшталту (расійскіх, нямецкіх, польскіх) вёску-фантом Гуцы завяршаліся без станоўчага выніку. Як і разнастайныя матэрыялы пераліку населеных пунктаў усяго Пружанскага павета. Назву Леснічоўка ўпамянуў не выпадкова, бо яна на картах прысутнічала ў пэўны перыяд. Калі існавала.

Якое меркаванне маю наконт вёскі Гуцы? Магчыма, што не Гуцы, а ўсё ж Гуты (Гута). Але чаму так упарта на працягу гадоў выкарыстоўвалі такую назву? І дзе ж тая Гута (шклозавод) магла быць? Тут амаль пераважная большасць упамяне і падкажа – Міхалін. Сапраўды, там існавала з 1848 года гута, і нават можна зрабіць малюнак часовага пражывання майстравых людзей на перыяд будаўніцтва альбо рэканструкцыі таго шклянога прадпрыемства. Дапускаю, што гэта маглі быць людзі з пэўнымі ўменнямі, кідаецца ў вочы, што пераважаюць выхадцы з прыгранічнай з Прусіяй тэрыторыі, магчыма, нават сапраўдныя немцы, якія прыехалі сюды з нейкай мэтай.

Прыйшлося пачынаць з папярэдніх гадоў. Важна, што ўпамянутыя прозвішчы з’яўляюцца ў дакументах толькі з 1849 года (праз год пасля пачатку будаўніцтва гуты (!)). Адам Хмылеўскі, Станіслаў Ліпінскі, Юзаф Стампко, Бенедзікт Мапр, Іван і Аляксандр Свінарскія – усе яны жывуць…

у Міхаліне. У адрас Стампко ксяндзом падкрэслена, што ён з Царства Польскага. Вось і разгадка вёскі Гуцы? Не так і адразу. Іван Даманскі, Юзаф Конкел, сям’я Відманскіх і тыя ж Мапры пражываюць у Патажні. А гэта што за дзіўнае пасяленне? Мы ж толькі што іх усіх звязалі з урочышчам Міхалін. Нейкая невялічкая адасобленая частачка вёскі? Ніякіх цяжкасцей. Па тэорыі маглі быць і наступныя назвы: Смалакурня (Смалярня), Дзягцярня, Шкіпінарня – усё, што звязана з сухой перагонкай дрэва. Паташні (Патажні – польск.) – здабыча попелу для вытворчасці шкла. Будзе там і тартак, і пчальнік, і хата лесніка…

У 1865 годзе Сялецкі касцёл зачынены, таму новыя матэрыялы разглядаем у Бярозаўскім.

У ім 18 ліпеня хрысцілі сына “іностранцов” (такі запіс) Эміля і Валерыі з Даманскіх Карклюнатаў, роўна праз чатыры месяцы ў Юзафа і Эміліі з Гутмараў Орбахаў ахрышчана дачка Эмілія. І ўсе яны з Гуты-Міхалінскай, проста і адкрыта. Прускімі падданымі будуць пісаць іх і ў Сігневіцкім касцёле (Бярозаўскі таксама ўжо зачынены) на пачатку 1870-х гадоў альбо выхадцамі з Познаньскай губерні.

Гуцы… Дык то была звычайная памылка пісара Сялецкага касцёла? Відаць, так. Напаткала расчараванне? Не, бо гэта памылка дала нам магчымасць заглянуць у працэс будаўніцтва гут. Сапраўды, для іх заснавання і дзейнасці ўладальнікі прадпрыемстваў запрашалі тады замежных спецыялістаў. Але чаму ў Гута-Міхалінскай яны дваране? Пытанне вісне ў паветры.

Сёння тая мясцовасць добра знаёмая аматарам ціхага палявання – грыбнікам. Ад пражывання спрадвечнага сялянскага саслоўя і часова мільгануўшых майстроў па вырабе шкла не засталося і следу (гута ліквідавана немцамі ў 1915 годзе). Маю надзею, што хаця б адно ці два прозвішчы раптам ды і зварухнуць нашу памяць.

Мiкалай ПЕЙГАН, аг. Сялец.


Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599