Массово-политическая газета Березовского района

Крысціна Сліпчэнка з Малецкага ВПК я/с-СШ трапіла ў фінал рэспубліканскага конкурсу “Чытаем па-беларуску з Velcom”

171
Нина Крукович,
07 марта 2018

Вяночак на галаве, ручнічок цераз плячо, міленькая рэтрасукеначка – у такім вобразе паўстала перад журы рэгіянальнага фіналу рэспубліканскага конкурсу “Чытаем па-беларуску з Velcom” Крысціна Сліпчэнка з Малецкага вучэбна-педагагічнага комплекса яслі-сад – сярэдняя школа.

Прадставіла ўрывак з купалаўскай “Паўлінкі”: чытала, спявала, прытопвала ножкай, уздыхала – атрымаўся міні-спектакль з некалькімі зменамі эмацыянальнага стану галоўнай гераіні. Журы на чале з пісьменніцай Раісай Баравіковай аддало належнае таленту нашай удзельніцы – у Крысціны 97 балаў з магчымай сотні, а гэта другое месца і выхад у рэспубліканскі фінал, які адбудзецца ў маі. Цудоўная перамога!

Крысціна – выдатніца ў школе. Па натуры сціплая, але вобраз Паўлінкі ўдаўся ёй на славу.

Разам з Крысцінай выйш ла на абласны этап конкурсу і яе аднакласніца Карына Казловіч. Іх вылучылі ў лік найлепшых трыццаці ўдзельнікаў з Брэсцкай вобласці па раней дасланых відэазапісах (усяго было 280 прац), а ўжо з гэтай колькасці абралі пяцярых фіналістаў.

Карыне трошачкі не пашанцавала – ад запаветнай пяцёркі яе аддзяляе ўсяго некалькі пазіцый.

Падрыхтавала дзяўчынак да конкурсу іх настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Аляксандраўна Літвіновіч. Сама артыстычная асоба, у школьныя гады заўзятая ўдзельніца драмгуртка, яна з вялікай радасцю працавала над выступленнямі сваіх васьмікласніц. А Крысцінін нумар для вялікага фіналу яшчэ будуць удасканальваць, так што наперадзе – новыя прыдумкі і іх увасабленне.

Рэгіянальны этап праходзіў у Брэсце, нашых дзяўчатак суправаджала не толькі Святлана Аляксандраўна, але і сябры – сапраўдная група падтрымкі.

У якасці ўзнагароды ўсе ўдзельнікі конкурсу атрымалі памятныя падарункі – кнігі. А пяцёрка пераможцаў – яшчэ і смартфоны.

Малецкіх удзельнікаў урачыста павіншавалі на школьнай лінейцы. Пры гэтым дырэктар навучальнай установы Анатоль Уладзіміравіч Кавалевіч падкрэсліў, што ўласным розумам можна здабыць і славу, і каштоўнасці, і параіў усім вучням браць прыклад з дзяўчынак.

На фота: Крысціна Сліпчэнка і Карына Казловіч (злева направа) – аднакласніцы і выдатныя чытальнікі вершаў па-беларуску.

Оставьте свой комментарий