Массово-политическая газета Березовского района

Пазнаёмцеся з сотняй птушак! Школа бёрдвочара праводзіць набор у г. Бярозе!

406
Опубликовано,
12 февраля 2018

З 20 лютага па 30 красавіка грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) правядзе ў Бярозе Школу бёрдвочара – бясплатныя курсы, якія навучаць вызначаць больш за 100 відаў мясцовых птушак. Запісацца могуць усе зацікаўленыя з 18 гадоў, адукацыя і прафесія не маюць значэння.

Дзікая прырода побач з намі нават у гарадах. Мноства разнастайных птушак жыве ў парках, ля дамоў, на пустках і ў хмызняках, на вадаёмах.

Ці вядома табе, што ў тваім горадзе жывуць два віды вераб’ёў? Ці можаш адрозніць узімку варону ад грака? Ці ведаеш, дзе адшукаць птушку года – шчыгла?

Бёрдвочынг – назіранне за птушкамі, цікавы і папулярны ў многіх краінах занятак. Гэта хобі дорыць чалавеку радасць і задавальненне і дае магчымасць больш рухацца і разнастаіць сваё жыццё. 

Неабавязкова ехаць у экзатычныя краіны, каб пабачыць новых для сябе птушак. Палічы, колькі з 329 відаў беларускіх птушак ты ведаеш. Хочаш пазнаёміцца з іншымі?

Што цябе чакае ў Школе?

У Школе бёрдвочара ты вывучыш больш за 100 відаў птушак і пачнеш заўважаць іх у прыродзе. Усяго будзе восем тэарэтычных заняткаў у будні і дзве палявыя экскурсіі на выхадных.

У Школе раскажуць не толькі як адрозніваць птушак, але і як апранацца для бёрдвочынгу, як складаць маршрут, як апісваць птушку, як правільна пазначаць яе месцазнаходжанне, і дадуць шмат іншай карыснай інфармацыі.

Кожны вучань атрымае шпаргалку са спісам усіх птушак Беларусі і асноўнай інфармацыяй пра кожны від, а таксама вызначальнік.

Што ты дазнаешся пра сотню птушак?

* Як адрозніць самцоў ад самак, як выглядаюць маладыя птушкі, а як – дарослыя падчас гнездавання і ў іншы час;

* як адрозніць птушак па галасах;

* дзе якіх птушак можна сустрэць;

* чым харчуюцца розныя птушкі;

* якія паводзіны і іншыя асаблівасці яны маюць.

Каб запісацца ў Школу бёрдвочара неабходна да 18 лютага (уключна) на электронную скрыню Peregrinus-@mail.ru даслаць ліст з вашымі данымі (імя і прозвішча; узрост; месца жыхарства; кантактныя тэлефоны, e-mail).

Выкладчык асабіста наладзіць сувязь з асобамі, якія своечасова дашлюць свае даныя, растлумачыць умовы, перыядычнасць, даты, час і месца правядзення заняткаў (заняткі будуць праходзіць у г. Бярозе).

Спяшайся: колькасць месцаў абмежаваная!

Кантактная асоба (ён жа і выкладчык Школы бёрдвочара) – Вадзім Пракапчук.

Кантактныя тэлефоны: +375296795571 (Вэлком), +375297295571 (МТС); электронная пошта Peregrinus-@mail.ru

Школа бёрдвочара ладзіцца ў межах ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якую АПБ правядзе сёлета ў 10 раённых цэнтрах Гомельскай і Брэсцкай абласцей: Гомелі, Тураве, Мазыры, Брэсце, Кобрыне, Маларыце, Камянцы, Баранавічах, Бярозе, Пружанах.

Ініцыятыва рэалізуецца ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў партнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) – найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года – нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі “BirdLifeInternational”, у якую ўваходзяць арганізацыі са 113 краін. АПБ – гэта больш за 3000 сяброў, валанцёраў і прыхільнікаў, 120 школьных клубаў і 15 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання біяразнастайнасці і далучэння насельніцтва да актыўнай аховы прыроды. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны – далучайся і ты!

Кантакты арганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя, 11, офіс 4, т.: (+375 17) 369 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87.

Оставьте свой комментарий