Массово-политическая газета Березовского района

У Бярозе пачала дзейнічаць Школа для назіральнікаў за птушкамі – бёрдвочараў

97
Опубликовано,
13 апреля 2018

Кожны аўторак з 18.00 да 20.00 на базе Бярозаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва будуць праходзіць заняткі “Школы бёрдвочара”. Запрашаем зацікаўленых!

Бёрдвочынг – гэта назіранне за птушкамі, цікавы і папулярны ў многіх краінах занятак. Такое хобі дорыць чалавеку радасць і задавальненне, дае магчымасць больш рухацца і зрабіць сваё жыццё больш разнастайным. Арганізатары Школы ўпэўнены, што неабавязкова ехаць у экзатычныя краіны, каб убачыць новых для сябе птушак. Большасць з нас не ведаюць і пятай часткі тых крылатых, якія жывуць у Беларусі. А гэта 329 відаў!

– Наведвальнікі “Школы бёрдвочара” вывучаць больш за сто відаў птушак і пачнуць заўважаць і вызначаць іх у прыродзе. Усяго будзе праведзена восем тэарэтычных заняткаў у будні і дзве палявыя экскурсіі на выходных, – паведаміў Вадзім Пракапчук, спікер Школы. – Падчас заняткаў я раскажу, як адрозніваць птушак, як апісваць птушку, як правільна пазначаць яе месцазнаходжанне, як рыхтавацца для бёрдвочынгу, як складаць маршрут. Кожны вучань атрымае шпаргалку са спісам усіх птушак Беларусі і асноўнай інфармацыяй пра кожны від, схему частак цела і тыпу пер’я, а таксама – сучасны дарагі вызначальнік.

На першым занятку вучні Школы пазнаёміліся з самымі распаўсюджанымі птушкамі населеных пунктаў, іх асаблівасцямі і звычкамі.

“Школа бёрдвочара” праводзіцца ў межах ініцыятывы “Будзь здаровы з птушкамі!”, якую грамадская арганізацыя “Ахова пту шак Бацькаўшчыны” праводзіць у дзесяці гарадах Гомельскай і Брэсцкай абласцей: Гомелі, Тураве, Мазыры, Брэсце, Кобрыне, Маларыце, Камянцы, Баранавічах, Бярозе, Пружанах.

Рэалізуецца ініцыятыва ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Прафілактыка неінфекцыйных захворванняў, прасоўванне здаровага ладу жыцця і падтрымка мадэрнізацыі сістэмы аховы здароўя ў Рэспубліцы Беларусь” (“БЕЛМЕД”), які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца ПРААН, СААЗ, ЮНІСЕФ і ЮНФПА ў парнёрстве з Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Вадзім ПРАКАПЧУК. Фота аўтара.

Оставьте свой комментарий