Сайт находится в тестовом режиме
Год малой родины

Фотарэпартаж з раённай сельскагаспадарчай ярмаркі

21 Октября 2018 776 0
Мінулая нядзеля, як ніколі, была багатай на шэраг свят: Дзень маці, Пакровы, прафесійнае свята працаўнікоў культуры і традыцыйны асенні кірмаш. А шчодрае сонейка яшчэ дабавіла красы ўсяму таму, што было выстаўлена ў гандлёвых радах. Кожны год сельскагаспадарчыя і прамысловыя прадпрыемствы стараюцца здзівіць людзей не толькі новай прадукцыяй, але і прыгожым афармленнем сваіх выстаў з абавязковым нацыянальным каларытам і навінкамі камп’ютарнага веку.

Здаецца, што ўжо ўсё было выкарыстана: млыны і калодзежы, пацешныя кампазіцыі з гарбузоў і кабачкоў, карціны з дарамі агародаў, зайчыкі і конікі з бярозавых бярвёнаў і многае іншае. Але “Кірмаш-2018” зноў здзівіў бязмежнай фантазіяй яго ўдзельнікаў.

Инста.jpg
Капуста.jpg
Шахматы.jpg
Чаго тут толькі не было: уязная брама картэзіянскага манастыра з прыгожай бярозкай, зробленыя з сала і каўбасак да піва майстрамі ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат”; чароўная карэта з жывымі скульптурамі і эліксір бадзёрасці з ягад ад ААТ “Міжлессе”; выкладзеныя з кукурузы караваі, халва з Азова, мёд Белавежскай пушчы і заказніка “Спораўскі”, букет са спораўскай рыбы з рэкламай газеты “Маяк”, кармушкі для птушак у выглядзе дамскай сумачкі і безліч унікальных работ шматлікіх майстроў. Добры настрой дарылі людзям творчыя калектывы, і нават дырэктар ААТ “Вінец” Я.П. Шымчук выйшаў з баянам і падтрымаў каманду равяціцкіх артыстаў. Каўбасы і шашлыкі, пірагі і тарты, адмыслова прыгатаваныя, вабілі сваім відам і смакам. Многае можна было пакаштаваць на дэгустацыях, арганізаваных вядучымі прадпрыемствамі Бярозы. Весела праходзілі бяспройгрышныя латарэі, ААТ “Пескаўскае” шчодра раздавала самым удачлівым жывых качак.

Мясуха(1).jpg
Карета.jpg
Винец.jpg
Мед.jpg
ККП.jpg
Сырки.jpg
А найбольшым попытам карысталіся бульба, капуста, морква і цыбуля па цане ад 25 да 50 капеек. Ужо з самай раніцы пакупнікі везлі на веласіпедах і тачках і неслі агародніну, каб зрабіць запасы на зіму. КУСП “Бярозаўскае” прапаноўвала сваю грэчку за 1,14 рубля за кілаграм, а ААТ “Бярозаўская МТС” – журавіны па 4,4 рубля. Хутка апусцелі машыны з бульбай сорта “гала”, што вырасла на палях філіяла “Прамень” сыраробнага камбіната. Адразу васямнаццаць гандлёвых кропак арганізавала ў райцэнтры Бярозаўскае райспажыўтаварыства, рэалізуючы ўсё тое, што было закуплена ў сялян і фермераў.

Шчыра прывітаў усіх удзельнікаў кірмашу, жыхароў Бярозаўшчыны і яе гасцей старшыня Бярозаўскага райвыканкама Л.А. Мартынюк. Найперш Леанід Аляксеевіч павіншаваў і выказаў добрыя пажаданні з нагоды некалькіх свят, што адзначаліся ў гэты дзень.

Мартынюк(2).jpg  
Найлепшыя словы ўдзячнасці адрасую тым працаўнікам, хто вырасціў прадукцыю, асабліва кіраўнікам гаспадарак і прадпрыемстваў, за старанную працу і прыстойную арганізацыю выстаў, – адзначыў ён. – Мы паказалі і даказалі, што ўмеем добра працаваць на нашай бярозаўскай зямлі, і я жадаю шчасця, дабрабыту і росквіту ўсім жыхарам.

Кіраўнік раёна ўручыў дыпломы пераможцам спаборніцтва на лепшае афармленне святочных выстаў і арганізацыю гандлю. Гран-пры па рашэнні журы прысуджана калектыву ААТ “Міжлессе” (дырэктар В.С. Ярошчык), першае месца заваявала ААТ “Вінец” (Я.П. Шымчук), другое – ААТ “Боркаўскае” (М.І. Дземідовіч), а трэцяе – ААТ “Пескаўскае” (У.У. Панасюк). Сярод гандлёвых арганізацый пераможцам прызнана Бярозаўскае райспажыўтаварыства (старшыня А.Р. Вайтэнка), другое месца заняло УП “Бярозаўскі камбінат кааператыўнай прамысловасці” (С.С. Бувака), а трэцяе – ААТ “Гандлёвы цэнтр “Надзея” (Г.С. Жалудка).

Шимчук.jpg
Першае месца сярод прадпрыемстваў прамысловага комплексу заваявала ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат” (дырэктар У.У. Жуковіч), другое – ААТ “Бярозаўскі сыраробны камбінат” (Г.І. Мароз), а трэцяе – ААТ “Бярозаўскі камбікормавы завод” (М.М. Казека). Сярод устаноў сацыяльнай сферы дыплом першай ступені ўручаны калектыву Нарутавіцкай базавай школы (дырэктар І.А. Вараб’ёва), другое месца заняў Першамайскі ВПК я/с – СШ (І.А. Зялёнка), а трэцяе – Сігневіцкі ВПК я/с – СШ (В.М. Шаўчэнка). За актыўны ўдзел у мерапрыемстве адзначана ААТ “Нарутавічы” (дырэктар А.А. Каштэлян).

ВВ.jpg
Па традыцыі падчас кірмашу падводзяцца вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне, азеляненне і санітарны стан дамоў многапавярховай забудовы і індывідуальных сядзіб. Старшыня Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў А.Б. Пятроўскі падзякаваў тым людзям, хто многа працуе дзеля адмысловага выгляду сваіх дамоў і тым самым садзейнічае прыгажосці гарадоў і вёсак Бярозаўшчыны. Аляксандр Барысавіч уручыў пераможцам сёлетняга конкурсу граматы і каштоўныя падарункі. У намінацыі “Многакватэрныя жылыя дамы ў гарадах” першае месца прысуджана дваровай тэрыторыі жылога дома №21а на вуліцы Уладзіміра Леніна ў г. Бярозе (старшыня дамавога камітэта Л.А. Быцко). Другое месца заняў першы пад’езд жылога дома №13 на вуліцы Уладзіміра Леніна ў г. Бярозе (Г.І. Лешчанка), а трэцяе – балкон кватэры №56 жылога дома №7 на вуліцы Аляксандра Суворава ў г. Бярозе (уладальнік Л.В. Кудака).

Петровский.jpg
У намінацыі “Многакватэрныя жылыя дамы ў сельскіх населеных пунктах” за першае месца ўзнагароджаны А.М. Тарасевіч з аг. Нарутавічы. Другое месца заняла дваровая тэрыторыя Г.К. Чалюк з в. Угляны, а трэцяе – М.І. Макухі з аг. Першамайская. У намінацыі “Індывідуальныя жылыя дамы ў гарадах” першае месца прысуджана Н.М. Яцкевіч (дом №44 на вуліцы Сонечнай), другое месца – С.У. Здановіч (дом №21 на вуліцы Перамогі), а трэцяе – Дз.Я. Свігло (дом №42 на вуліцы Кастуся Каліноўскага), усе яны жывуць у г. Бярозе. А лепшымі гаспадарамі індывідуальных жылых дамоў у сельскіх населеных пунктах сталі: А.Л. Паўленя з аг. Сялец (першае месца), А.А. Якушэвіч з в. Лукомер (другое месца) і М.В. Станкевіч з в. Нівы (трэцяе месца).

Саженцы.jpg

Шырокі выбар на кірмашы саджанцаў пладовых дрэў і ягадных культур, вечназялёных насаджэнняў, хрызантэм і іншых кветак, садовых скульптур даваў магчымасць вы-браць тое, што упрыгожыць дваровую тэрыторыю і будзе радаваць душу. Многія набывалі менавіта такую прадукцыю, а значыць, у нашым родным краі стане яшчэ больш дагледжаных садоў і яркіх кветнікаў. Дзякуй усім тым працавітым людзям, хто шчыруе на зямлі, і, нягледзячы на цяжкасці і капрызы надвор’я, вырошчвае ўсё тое, што патрэбна чалавеку для жыцця.

Разалія КАРПЕШ.

Фота Анастасіі КАЗЛОВАЙ.

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
CAPTCHA