Частная жизнь

Спадчынны стол

19 Августа 2020 1136 0

Яцкевич Пейган.jpg

У любым населеным пункце, ці то вёска, ці маленькі гарадок, там, дзе жывуць людзі, якія ведаюць кожнага і аб кожным, абавязкова ўсплыве нейкая незвычайная гісторыя. І дзякуючы таму, праз гады з’яўляецца магчымасць даць сапраўдную ацэнку пэўным асобам, аб якіх ёсць што сказаць і якімі, аказваецца, можна і ганарыцца.

У Пятра Яцкевіча, нашага сучасніка, у бацькоўскім спадчынным доме стаіць стол, змайстраваны бацькам яшчэ задоўга да Другой сусветнай вайны. Стол як стол, але ён мае пэўную гісторыю, бо нездарма, калі летам сорак чацвёртага гарэла хата, то сярод рознага скарбу ў першую чаргу ратавалі гэты прадмет дамашняга побыту.

Мікалай Яцкевіч, бацька Пятра, марыў стаць сталяром з дзяцінства. Калі хлопец набраў крыху сілу, бацька адвёў яго да Андрэя Казіміравіча Новыша на Вялікую вуліцу, які лічыўся, і не без падставы, майстрам экстракласа сталярнай справы не толькі ў Сяльцы, а і ва ўсёй акрузе. І гэта не перабольшванне, многія засведчаць. Сам жа Новыш асвоіў пачаткі сталярнай працы яшчэ да Першай сусветнай вайны. Канчаткова замацаваў сваё майстэрства ў бежанцах на мэблевай фабрыцы ў далёкім Баку. Сакрэтаў ручной працы для яго ўжо на той момант не існавала: у Баку адбылося блізкае знаёмства з машыннай вытворчасцю. Андрэй Новыш быў прылічаны па асабістаму жаданню да фарбавальнага цэха, але ён вырашыў не губляць часу: гэты цікаўны чалавек імкнуўся паспрабаваць сябе і ў іншых месцах прадпрыемства, каб добра засвоіць увесь працэс. Ад пачатку і да канца. Пасля вяртання на радзіму ў пачатку дваццатых гадоў у яго хапала працы вышэй галавы, людзі паступова адбу доўваліся на папялішчах. Патрэбнасць у вокнах, дзвярах, разнастайным хатнім начынні, якое не пад сілу звычайнаму чалавеку, не прафесіяналу, не мела меж. Жыў Андрэй Новыш з жонкай заможна, адно турбавала: не меў дзяцей. І гэта яму прыносіла сум.

У адзін выхадны летні дзень, калі вольныя ад працы сельчукі сабраліся (даўняя местачковая традыцыя) купамі ў розных месцах вуліцы і гаманілі, Андрэй Новыш падышоў да адной такой кампаніі і павольна дастаў з кармана сініх ваўняных галіфэ драўляны жаўтаватага колеру партабак. Спрытна адчыніў, паклаў туды дзесяць (іншыя гавораць, што аж сто) злотых і прапанаваў мужчынам яго адкрыць, а таму, хто гэта здолее зрабіць, дастануцца і грошы, і сам партабак. Колькі ні спрабавалі яны ад крыць вечка, гэтая прыгожая рэч, звычайная па сутнасці, захавала ад іх свой сакрэт. Сам жа Андрэй Казіміравіч адчыніў партабак адным няўлоўным рухам, як ілюзіяніст. Вось такі майстар быў настаўнікам у Яцкевіча Мікалая!

Мікалай прайшоў курс навучання і стаў атрымліваць ад настаўніка заказы, гэта Новыш перадаваў яму свае. Мікалай Аляксандравіч успамінаў пасля, што настаўнік ніколі яго не хваліў, нават крыўдна было, калі ж быў задаволены, то даставаў грошы і гаварыў: “Гэта табе, Мікалай, на гарэлку”. Так адбылося, калі малады сталяр сам змайстраваў і ўстанавіў дзверы ў хаце Уладзіміра Пазняка. Андрэй Новыш прыйшоў пад канец працы, моўчкі адвёў шырокае палатно новенькіх дзвярэй насцеж, да самай сцяны, і з усёй сілы шпурнуў іх назад, у дзвярную каробку. Яны з моцным грукатам, але лёгка ўвайшлі ў свае пазы, толькі шчоўкнуў язычок замка. Такі грубы штуршок павінен бракаваныя дзверы разламаць на часткі. Даволі своеасаблівы тэхкантроль прымяняў майстар Новыш. А здзіўляцца тут няма чаму: сам Андрэй Казіміравіч калісьці вучнем паспытаў такога ж хлеба.

Надышоў момант заканчэння вучобы і здачы экзамену перад дзядзькам Андрэем. Мікалай Яцкевіч вырашыў зрабіць стол з наборнымі ножкамі з клёну і моранага дубу. З клёнам ніякіх праблем не стала, а вось з дубам… Яшчэ раней мясцовы рыбак падказаў Яцкевічу, што пажаданы дуб можна здабыць у водах Ясельды каля трэцяга маста. Дуб нейкім чынам (прырода распарадзілася) так нізка нахіліўся з берага, што ўвесь ствол гадамі быў пакрыты вадой – дуб рос у ёй. Мікалай з братам бяруць свайго сівага каня, калёсы, вострую сякеру ды пілу і адпраўляюцца да таго незвычайнага дуба. Колькі разоў ім прыйшлося ныраць, каб паспець пад вадой зрабіць некалькі рэзаў-прапілаў, яны не ведаюць. Вельмі доўга цягнулася справа, трэба было і перадыхнуць некалькі хвілінак, аддыхацца. Паўдня затрацілі. Нарэшце справа ўдала зроблена, дуб пераможна ўскладзены на калёсы і дастаўлены на двор маладога сталяра. З часткі таго дрэва быў зроблены Мікалаем Яцкевічам экзаменацыйны твор, астатні матэрыял ляжаў у цяньку пад паветкай і чакаў свайго часу. І такія патрэбныя моманты неаднойчы наступалі, Мікалай ужо меў свае асабістыя заказы. Зробленыя ім рэчы пераходзілі да сваіх гаспадароў, а стол (шэдэўр – так называлі любы твор вучня рамесніка (падмайстра) на экзамене яшчэ ў Сярэднявеччы) стаў дамашняй рэліквіяй сям’і Яцкевічаў.

Мікалай Аляксандравіч Яцкевіч у гады апошняй вайны не па сваёй волі аказаўся ў Германіі. У 1937–1939 гадах адбываў тэрміновую службу ў Войску Польскім, не паспеў вярнуцца, як быў прызваны зноў. Яцкевіч меў ужо за плячыма падафіцэрскую артылерыйскую школу. Вайна не заставіла доўга чакаць. Некалькі дзён трымалі абарону каля горада Торуня, вымушаны былі адступіць, фарсіравалі рэчку, даволі глыбокую, Мікалай плаваў слаба, таму трымаўся за конскі хвост, а на тым беразе ўжо чакалі ворагі. Узялі ў абцугі. У палон трапіла (ішоў толькі восьмы дзень вайны) каля пяці тысяч польскіх жаўнераў. Такой колькасці аўтамабіляў у адным месцы Мікалай раней не бачыў, на іх вывезлі немцы вязняў у глыб Германіі. Разам з Яцкевічам былі і землякі: Сцяпан Гаворка з Сяльца, Васіль Хвядчэня з Перасмык. У ходзе шматлікіх перакідванняў з лагера ў лагер шляхі іх разышліся. У канцы свайго знаходжання ў Германіі сустрэў Сцяпана Разанава, які яму надаўся на той момант надта старым, так той змарнеў ад нямецкай “ласкі”. Акрамя салдат польскай арміі, у лагерах былі французы, англічане. Многія з іх мелі цёмны колер скуры, то былі выхадцы з афрыканскіх калоній Францыі і Англіі. Гады праз два немцы палонных пачалі перадаваць у рукі прыватных асоб: узнікла праблема недахопу працоўных рук, і ў лагерах з’явіліся новыя бедакі – савецкія ваеннапалонныя. У параўнанні з лагерным жыццём, дзе голад касіў, як спраўны касец, вязні боты рэзалі на шнуркі і з’ядалі, то ў прыватніка было нашмат лепей. Але цяжка. Працаваў наш зямляк непадалёк ад старажытнага горада Вайдена (Weiden in der Oberpfalz) на бауэра Іосіфа Эрнста (мястэчка Шляк) у сельскай гаспадарцы, на зямлі, дабіўся дасканаласці ў валоданні нямецкай мовай, якую ўжо даволі добра (многія чытачы будуць здзіўлены) ведаў са школы. Пасля, калі вярнуўся і займеў сям’ю, то ўжо сваім дзецям дапамагаў з перакладамі з першых крокаў і да выпускных экзаменаў. Не толькі школа, але і сумеснае пражыванне з яўрэйскім насельніцтвам моцна спрыяла авалодванню нямецкай мовай.

Заўважу, што Яцкевічу там, на чужбіне, вельмі хацелася атрымліваць нейкую інфармацыю аб тым, што на самай справе адбываецца на франтах. У марах і снах – родныя мясціны. Цягнула на радзіму як магнітам. Эрнст, гаспадар, дазваляў чытаць і сам прыносіў мясцовую газету Мікалаю. Бывалі моманты, калі раптам заяўляў, што газета сёння не прыйшла. Кемлівы малады чалавек аднойчы зазірнуў у такую ж газету ў суседанемца і ўсё выдатна зразумеў. Яго пыхлівы гаспадар прыносіў тады яму прэсу, калі там былі матэрыялы аб ваенных поспехах нацыстаў і мала было паведамленняў на апошняй старонцы аб загінуўшых тубыльцах. У прыхаваных ад Яцкевіча газетах прозвішчаў у чорным жалобным абрамленні было амаль на паўстаронкі і нават болей. Якая ўжо тут немцу пыха.

Працуючы на сельскай гаспадарцы немца, Мікалай Аляксандравіч вельмі імкнуўся пазнаёміцца з майстэрствам іх рамеснікаў. Рамяство – яго любоў. Бывалі вольныя хвіліны, калі ён меў магчымасць наведаць мясцовую майстэрню і з зайздрасцю паглядзець на прылады, якімі там карысталіся, на механічны бок працы. І ў першым выпадку, і ў другім там было чаму здзіўляцца. І не толькі здзіўляцца – з’яўлялася і зайздрасць. Аднойчы майстар яго паклікаў і прапанаваў паспрабаваць. Мікалай тую ж дэталь зрабіў уручную, дабіўся, што калі яе склеілі, то яна нічым не ўступала нямецкай, машыннай. У другі раз, калі немцы майстравалі рэч вельмі падобную на нашу родную палескую балею, і радасна хваліліся, і падначвалі Яцкевіча, то той моцна раззлаваўся і праз тры хвіліны намаляваў тую ж рэч, але не круглую, а авальнай формы і прапанаваў яе зрабіць нямецкім майстрам. Яны адмоўна паківалі галовамі і скептычна спыталі, што быццам ты зможаш. Мікалай загарэўся, вырашыў уцерці фрыцам нос. Наш зямляк папрасіў патрэбнае начынне і каб яго аставілі аднаго ў будынку сталярні. Праз некалькі гадзін упартай працы авальны посуд стаяў на варштаце. Немцы былі шакіраваны, майстар стаў прасіць, каб беларус падзяліўся вопытам. Той рукой зрабіў надта непрыгожы жэст і нешта такое ж прамовіў словамі, што азначала: не будзе ён дзяліцца з імі сваімі сакрэтамі. Немцы ўжо ў тую пару сталі больш лагодныя, пасля Сталінграда і Курскай дугі, але, як гаварыў Мікалай: “Маё малако яны па-ранейшаму разбаўляюць вадою”. Гэтым нераўнапраўем і залежнасцю тлумачыў сваё нежаданне дзяліцца з чужынцамі сваім майстэрствам.

Гаспадары давалі выхадныя і дазвалялі ў святочныя дні пахадзіць па мястэчку, пабыць у суседнім, дзе размяшчалася пошта. На такі выпадак давалі і адпаведнае адзенне. Тут нават спрацоўваў элемент спаборніцтва паміж бауэрамі, чый парабак выглядаў лепей. Перад вамі фота Мікалая Яцкевіча, адпраўленае родным і датаванае пачаткам вясны 1942 года. Кожны разумее: прысутнічае звычайная прапаганда.

Важнай рысай Яцкевіча Мікалая з’яўляюцца і адносіны ў сям’і. Яго дачка Вера Мікалаеўна гаворыць, што бацька лічыў дарагім падарункам лёсу свой шлюб, які планаваў на восень, але мабілізацыя, вайна і палон паставілі на ім тлусты крыж. Ён клапаціўся, адсочваў кожны рух жонкі, баяўся магчымых хвароб і бед. Ужо ў сталыя гады сваім дзецям пасля вяртання з царквы абавязкова выказваў: “Наша мама была сёння самая прыгожая ў царкве”.

У такіх выпадках у народзе гавораць, што калі б меў сілу, то муж насіў бы жонку на руках да апошніх сваіх дзён. І ў прамым, і ў пераносным сэнсе ў Мікалая Аляксандравіча так і было. Магчыма, што яны з Марыяй Антонаўнай перанеслі аднолькавыя цяжкасці і запусцілі той механізм пачуццяў, які не маглі разбурыць ніякія абставіны. І Марыя была ў Германіі, амаль побач, і яна перажыла шматмесячную фільтрацыю (ён амаль чатыры месяцы, яна паўгода). І нават дома, у Сяльцы, органы бяспекі іх выклікалі на допыты па начах. Гэта ўжо асобная гісторыя, аб якой рэдка і мала гавораць. Аб чужых здзеках неяк лацвей, чым аб сваіх. Агульная бяда загартоўвала лёс і мацавала каханне, а маладосць падтрымлівала веру ў заўтрашні дзень. Светлы і шчаслівы.

Магу засведчыць, што за свой даволі вялікі перыяд жыцця і творчасці я сустрэў у нашым сяле толькі два выпадкі такіх адносін: глыбокай пашаны, адданых, шчырых, нават у нейкай ступені самаахвярных. Магчыма, што нешта аказалася па-за маёй увагай. Не аспрэчваю, добрых сем’яў хапае, але іх не вылучаюць асобна, упамянуць, як звычайную рэч: а як жа інакш, так павінна быць. І толькі тыя сем’і, дзе ўсё пастаўлена на такую вышыню, што рашэнне не ўспомніць і не аддаць ім даніну павагі выглядае амаль злачынствам. Яны будуць узорам і для сучаснікаў, і для нашчадкаў. Гуманістычныя пачаткі пакуль дамініруюць у нашым грамадстве, трэба таму радавацца.                            


Мікалай ПЕЙГАН, аг. Сялец

Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599