Вести агропрома

«Дажынкі-2020» прайшлі ў Дзівіне

16 Сентября 2020 523 0

дивин 4.jpg

Дастойна і святочна, годна і велічна, як і заўсёды, прайшоў у мінулую суботу абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020”. У апошнія гады ён перамясціўся ў малыя гарады, а сёлета на Брэстчыне яго сталіцай стаў аг. Дзівін Кобрынскага раёна.

дивин 6.jpg

Дзмітрый Новыш і Уладзіслаў Каштэлян

НАШЫ ПЕРАМОЖЦЫ

Сярод маладых вадзіцеляў абласнога спаборніцтва:

першае месца – Дзмітрый НОВЫШ з ААТ “Нарутавічы”;

другое месца – Уладзіслаў КАШТЭЛЯН з ААТ “Нарутавічы”.

Пахвальнай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь узнагароджана Інэса ПАЖАРЫЦКАЯ – першы намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Бярозаўскага райвыканкама.

Дыплома Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі працаўнікоў АПК за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці зерня ўдастоена ААТ “Міжлессе” (дырэктар Вячаслаў ЯРОШЧЫК, старшыня прафкама Наталля КУТАСЕВІЧ).  

дивин 3.jpg

Вячаслаў Ярошчык і Наталля Кутасевіч

Гэты населены пункт у летапісных дакументах упершыню згадваецца пад 1466 годам, і, па легендзе, атрымаў сваю назву ад таго, што сяляне, якія ўцякалі ад татарскіх набегаў, сярод лясоў і балот убачылі прыгожую мясціну і ўсклікнулі: “Якое дзіва!”.  У XVII стагоддзі Дзівін меў Магдэбургскае права, у XX-м быў нават цэнтрам Дзівінскага раёна. А да свята хлебаробаў памаладзеў і пахарашэў. Праведзена мадэрнізацыя ўчастковай бальніцы і сярэдняй школы, адрамантаваны яслі-сад і Дом культуры, сучасны выгляд набылі дарогі, пабудаваны і рэканструяваны інжынерныя сеткі, па-новаму выглядаюць фасады жылых дамоў, прадпрыемстваў і арганізацый, камфортнымі сталі дваравыя тэрыторыі.  Дапамаглі аграгарадку ў справе абнаўлення і бярозаўскія будаўнікі, асабліва пастараліся працаўнікі “СПМК-22”.  Камунальнікі ўсіх раёнаў вобласці метадам конкурсу аформілі свае кветкавыя кампазіцыі, а падчас пленэра рэзчыкаў паркавай скульптуры майстры зрабілі восем фігур на тэму вяселля. 

“Дажынкі” – старадаўняе любімае ўсімі свята, вянец хлебаробскай працы. Таму ў яго аздабленні і правядзенні прысутнічалі нацыянальныя сімвалы і традыцыі, гучалі песні пра жніво і любоў да роднай зямлі. Асаблівай увагай былі акружаны тыя, хто ўнёс свой важкі ўклад у хлеб Радзімы і берасцейскі каравай. У святкаванні прыняла ўдзел і дэлегацыя Бярозаўскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Леанідам Мартынюком.

дивин 2.jpg

Прывітаць хлебаробаў Брэсцкай вобласці з дасягненнем высокіх працоўных паказчыкаў прыехалі многія шаноўныя госці. Першым на прыгожа аформленую з нацыянальным каларытам сцэну выйшаў упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта Беларусі па Брэсцкай вобласці, старшыня рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў Валерый Іваноў.

– “Дажынкі” – гэта адно з самых шануемых у народзе свят, а хлеб дарэмна не даецца, і мы шчыра вітаем самых лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі з вялікай падзякай за іх нялёгкую працу, – адзначыў Валерый Мікалаевіч. –  Сельская гаспадарка Беларусі сёння фарміруе 7% унутранай валавой прадукцыі і 15% усяго экспарту. А стаўка на моцны аграрны сектар з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў развіцця нашай краіны разам з экспартам, будаўніцтвам і іншымі праграмамі.

І тыя дасягненні, якія мы маем у сельскай гаспадарцы, лепшы аргумент курсу, якім ідзе наша краіна. На душу насельніцтва маем амаль адну тону зерня, а гэта ключавая мэта развітых дзяржаў. Даходы ад пастаўкі прадукцыі сельскай гаспадаркі за мяжу складаюць больш за пяць мільярдаў долараў у год.  Амаль 12% усіх інвестыцый прыходзіцца на сельскую гаспадарку і за апошнія дзесяць гадоў у яе развіццё было ўкладзена амаль 20 мільярдаў долараў. Значных поспехаў дасягнулі працаўнікі Брэсцкай вобласці, тут атрымана кожная шостая тона зерня рэспубліканскага намалоту.

дивин 1.jpg

Валерый Іваноў зачытаў Прывітальны адрас ад імя Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі хлебаробам вобласці і ўручыў яго старшыні Брэсцкага аблвыканкама Анатолію Лісу.

– У зборы ўраджаю ў воб ласці было задзейнічана 1400 камбайнаў, больш за 2 000 аўтамабіляў, 410 зернесушыльных комплексаў, – адзначыў у сваёй прадмове Анатолій Васільевіч. – Значную дапамогу аказала дзяржава, па распараджэнні Прэзідэнта Беларусі быў выдзелены таварны крэдыт на набыццё дызельнага паліва – амаль 14 тысяч тон. Гэты матэрыяльны рэсурс і ўмелая арганізацыя працы дазволілі якасна правесці жніво, атрымаўшы 1,35 мільёна тон зерня, што на 12% больш, чым у мінулым годзе. Атрымана і самая высокая за пяцігодку ўраджайнасць – 39,6 цэнтнера з гектара. Дзякуючы веданню тэхнікі, вопыту і стараннасці 473 экіпажы намалацілі звыш 1 000 тон зерня, 32 экіпажы перавысілі  рубеж у 2 000 тон, пяць экіпажаў узялі планку ў 3 000 тон, а адзін з вадзіцеляў перавёз больш за 4 000 тон зерня.

дивин 2.jpg

Самыя шчырыя словы падзякі і добрых пажаданняў адрасавалі героям жніва і гасцям абласнога фестывалю міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Іван Крупко і старшыня дзяржкаммаёмасці Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Матусевіч. Лепшыя працаўнікі палёў – камбайнеры і вадзіцелі, маладыя  ўдзельнікі жніва, машыністы зернесушыльных комплексаў, галоўныя аграномы і інжынеры, а таксама кіраўнікі раёнаў, гаспадарак і фермеры – пераможцы абласнога спаборніцтва – былі адзначаны за сваю старанную працу на хлебнай ніве падзякамі Прэзідэнта, прэм’ер-міністра і міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь, ганаровымі граматамі рознага ўзроўню і важкімі падарункамі ад розных структур. Дзяржава вельмі цэніць працавітых людзей з мазолістымі рукамі, і, напрыклад, тыя з іх, хто заняў у спаборніцтве першыя месцы, атрымалі прэміі па 100 базавых велічынь, а гэта 2 700 рублёў. Што і казаць, хто шчыра працуе, таму ў жыцці і шанцуе. 

Святочны канцэрт пачаўся з тэатралізаванай кампазіцыі ў выкананні лепшых народных мастацкіх калектываў вобласці. А ў ролі гаспадыні Любы, у гонар якой па легендзе каля Дзівіна названа возера Любань, выступіла дырэктар нашага Спораўскага цэнтра культуры і вольнага часу Ніна Пашкевіч. Цэлы дзень над аграгарадком луналі прыгожыя песні ў выкананні вядомых беларускіх і самадзейных артыстаў.

Вуліцы Дзівіна сталі вялікай гандлёвай пляцоўкай. Багацце сваіх тавараў, смачных пірагоў і каўбас, дароў садоў і агародаў прадставілі райспажыўтаварыствы вобласці. Кожнае з іх пастаралася адмыслова аформіць свае гандлёвыя рады са стылізацыяй пад сялянскія двары, з безліччу ўсяго таго, што нам дарыць шчодрая восень. Якіх толькі кампазіцый тут не было: з гарбузоў, капусты, гуркоў, памідораў, кабачкоў! А над усім лунаў пах шашлыкоў, якія гатаваліся майстрамі спажывецкай кааперацыі на вачах у пакупнікоў.  

дивин 5.jpg

Як заўсёды цікава і шырока была аформлена выстава ААТ “Бярозаўскі мясакансервавы камбінат”. Тут можна было не толькі набыць і паспрабаваць прысмакі, але і паўдзельнічаць у цікавых гульнях, палюбавацца выставамі каўбас і мясных дэлікатэсаў, зрабіць здымак у розных арыгінальных фотазонах, у тым ліку з вялікімі мядзведзямі.     

дивин 7.jpg

Вабілі людзей вулічныя скульптуры, сваё майстэрства дэманстравалі ўмельцы розных відаў творчасці. Сярод шматлікіх конкурсаў адметным стала спаборніцтва на лепшы сноп. Шырока прадставілі свае дасягненні ўстановы прафесійнай адукацыі вобласці, у тым ліку Белаазёрскі каледж электратэхнікі і Бярозаўскі ліцэй будаўнікоў. Безліч было вясёлых атракцыёнаў для дзяцей і дарослых.

Музыка, спевы,  добрыя пажаданні і радасны настрой панавалі цэлы дзень над прыгожай сталіцай абласных дажынак, дзе добра адпачылі тыя, хто з рання да вечара шчыраваў на полі, каб забяспечыць нас хлебам, без якога немагчыма жыццё.

 

Разалія КАРПЕШ

Фота аўтара  




Комментариев нет. Оставите свой?

Оставить комментарий
Войти через социальную сеть:
Номер 53135599